Старонка:З пушкі на Луну.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзякуючы адважнасці трох чалавек і іх шчырай адданасці навуцы такая лёгкадумная з выгляду зацея, як стрэл у Луну, дала ўжо велізарны рэзультат, абяцаючы мноства непрадбачаных вынікаў. Калі адважныя падарожнікі і не дасягнулі непасрэднай мэты, то ўсё-ж яны праніклі ў лунны свет. Яны цяпер, як новае свяціла, «абарачаліся» вакол спадарожніка Зямлі, і ўпершыню чалавечае вока магло з такой блізкай адлегласці заглядаць у таемнасці луннай паверхні. Імёны Ардана, Барбікена і Ніколя павінны назаўсёды застацца памятнымі ў летапісах астраноміі, бо гэтыя адважныя даследчыкі, імкнучыся пашырыць аб’ём чалавечых ведаў, смела рынуліся ў нябесную прастору, аддаўшы жыццё за поспех небывалай, самай арыгінальнай справы навейшых часоў.

Як-бы там ні было, вестка з Лонгспіка выклікала ва ўсім свеце здзіўленне і жах.

Ці магчыма чым-небудзь дапамагчы тром землякам-героям? Відаць, не, таму што яны вышлі за межы дасягальнасці для жыхароў Зямлі.

Ці жывы яны? А калі жывы, то харчоў у іх усяго на год, паветра на два месяцы. Што-ж з імі будзе потым?..

Пры гэтым страшным пытанні сціскалася сэрца ў самых чорствых людзей.

Адзін толькі чалавек не хацеў дапусціць, што становішча безнадзейнае.

Адзін толькі верыў, што будуць выратаваны падарожнікі. Гэта быў іх адданы друг, такі-ж смелы і рашучы, як яны, — паважаны Дж. Т. Мастон.

К таму-ж ён не спускаў іх з вачэй. Назіральная пляцоўка ў Лонгспіку стала яго жыллём; люстра