Старонка:З пушкі на Луну.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ядро калумбіяды, нарэшце, было заўважана, дзякуючы каласальнай трубе Лонгспіка.

Вось тэкст падрабязнага паведамлення дырэктара Кембрыджскай абсерваторыі. У ім дано навуковае заключэнне аб выніках дзіўнага велічнага доследа Пушачнага клуба.

ЧЛЕНАМ СОВЕТА КЕМБРЫДЖСКАЙ АБСЕРВАТОРЫІ

„Снарад, выпушчаны калумбіядай з Стонзхіла, убачылі мы, Бельфаст і Мастон, 12-га снежня ў 8 гадзін 17 мінут вечара, у момант уступлення Луны ў апошнюю яе квадру. Снарад не даляцеў да месца прызначэння. Ён праляцеў міма Луны, але настолькі блізка, што яго прамалінейны рух ператварыўся ў крывалінейны з незвычайна вялікай скорасцю. У сучасны момант ён рухаецца вакол Луны па эліптычнай арбіце, стаўшы такім чынам сапраўдным спадарожнікам Луны. Элементы гэтага новага нябеснага цела яшчэ не могуць быць вызначаны. Невядомы час абарачэння яго вакол Луны, працягласць абароту каля асі. Цяперашнюю-ж адлегласць яго ад паверхні Луны можна прыблізна прыняць за 18 000 кілометраў.

З прычыны гэтага маюцца дзве гіпотэзы аб далейшым руху ядра калумбіяды: або прыцяжэнне Луны перавысіць астатнія ўплывы, і тады падарожнікі дасягнуць мэты падарожжа; або, нязменна захоўваючы тую-ж арбіту, ядро вечна будзе круціцца вакол Луны. Які выхад прыме рух ядра — пакажа будучае; у сучасны-ж момант можна толькі сказаць, што спроба Пушачнага клуба мела той рэзультат, што сонечная сістэма ўзбагацілася яшчэ адным нябесным целам.

Бельфаст“.

Колькі пытанняў выклікала адразу гэта нечаканая развязка! Колькі яшчэ невядомага стала для навуковых выведванняў!