Старонка:З пушкі на Луну.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ледзь не страціў роўнавагі. Яшчэ крыху, і ён упаў-бы з эстрады на зямлю. Але ён сяк-так утрымаўся, унікнуўшы падзення, якое даказала-б яму, вельмі адчувальна і груба, што адлегласць не зусім пустое слова.

Тым часам Мішэль Ардан усё гаварыў з ранейшым захапленнем:

— Сябры мае, я думаю, што гэта пытанне трэба цяпер лічыць закончаным. Калі я не ўсіх вас пераканаў, то гэта — мая віна. Я быў вельмі нясмелы ў сваіх доказах, я не прывёў самых моцных довадаў, а гэтаму прычына — недастатковасць маіх тэарэтычных ведаў. Як-бы сабе не было, я паўтараю, што адлегласць Зямлі ад Луны вельмі нязначная і не заслугоўвае таго, каб сур’ёзны чалавек аб ёй многа думаў. Я нават думаю, што не будзе пераўвелічэннем, калі скажу, што хутка будуць хадзіць цэлыя паязды, састаўленыя з пушачных бомб ці бомб-вагонаў, у якіх будзе вельмі выгодна ехаць ад Зямлі да Луны. Не будзе ні штуршкоў, ні стукаў, ні сходу паяздоў з рэльсаў — ніякіх крушэнняў; паязды проста паляцяць стралою на станцыю, як лятаюць пчолы. Не міне можа і дваццаці гадоў, як палавіна жыхароў Зямлі перабывае на Луне:

— Ура! Мішэль Ардан, ура! — усклікнулі усе, нават найменш пераконаныя.

— Ура Барбікену! — крыкнуў у адказ Мішэль Ардан. — Яму мы абавязаны пачаткам вялікай справы!

Гэта галоснае прызнанне заслуг Барбікена зрабіла надзвычайнае ўражанне на аудыторыю. Зноў пачуліся працяглыя і аднадушныя прывітанні па адрасу Мішэль Ардана.

— Цяпер, сябры мае, — казаў далей Ардан, — вы можа хочаце задаць мне некалькі пытанняў?