Старонка:З пушкі на Луну.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

унікаў бесперапыннага фейерверка жартаў і смешак, затое метка страляў словам, наносячы славесныя ўдары са спрытнасцю ўмелага фехтавальшчыка. У спрэчках ён мала клапаціўся аб логіцы і аб фармальна правільных зваротах мовы, затое біў праціўніка проста ў грудзі такімі своеасаблівымі довадамі, перад якімі заставалася толькі пасаваць; ён любіў адстойваць самыя цяжкія, амаль безнадзейныя палажэнні.

У яго былі свае дзіўнасці. Так, падобна Шэкспіру, ён любіў называць сябе невукам і фанабэрыўся тым, што ненавідзіць прафесіянальных вучоных. На яго думку, гэта людзі, якія «намячаюць толькі кропкі замест таго, каб ісці проста да мэты». Сапраўдны цыган, вандруючы па краінах цудаў, схільны да прыгод, але не шукальнік прыгод, і больш чым далёкі ад шукання набытку, ён пры ўсім тым нічога не меў агульнага з тыпам фразёра ці дзівака-красамоўцы: свае словы ён адстойваў справай, заўсёды гатовы быў заплаціць за іх сваёю асобаю, сваім жыццём. Ён заўсёды кідаўся ў самыя рызыкоўныя справы, заўсёды гатовы быў спаліць свае караблі, кожную хвіліну рызыкаваў зламаць сабе шыю і, тым не менш, зноў станавіўся на ногі, як цацка ванька-ўстанька; да гэтага часу, прынамсі, ён шчасліва выходзіў з самых цяжкіх палажэнняў, з самых небяспечных прыгод.

Адным словам, яго дэвіз быў: «у што-б там ні стала, але дасягнуць мэты!» Імкненне да немагчымага было кіруючым яго жаданнем, галоўнай, асаблівай рысай характару[1].

  1. Арыгіналам, з якога Жуль Верн спісаў партрэт Мішэля Ардана, быў яго славуты друг, умелы фатограф і лётчык Надар. Сапраўднае імя гэтага выдатнага чалавека — Фелікс Турнашон: Надар — яго псеўдонім, у якім Жуль Верн пераставіў літары.
    Надар стаў вядомым перш за ўсё сваімі доследамі па паветранаму фатаграфаванню, г. зн. па здымцы плана мясцовасці з аэраплана пры дапамозе фатаграфіі. Ён з’яўляецца першым вынаходцай аэрафотаздымкі, якою так шырока карыстаюцца ў нас час. Другая заслуга яго ў тым, што ён горача адстойваў у паветраплаванні прынцып „цяжэй за паветра“ задоўга да вынаходства аэраплана. У 1863 г. ён выдаў „Маніфест паветранага кіруемага перасоўвання“, перадрукаваны газетамі ўсяго свету. У ім ён, між іншым, пісаў: „Неразважна змагацца з паветрам, будучы лягчэйшым за паветра… Трэба панаваць над паветрам, замест таго каб самому быць у яго цацкай, а для гэтага трэба знайсці апору ў ім, а не служыць апораю для яго…“
    Дадаю, што Надар быў заснавальнікам першага фраццузскага паветраплавальнага журнала „Аэранаўтыка“.
    Гісторык паветраплавання Лекорню рысуе асобу ў наступных выразах:
    Фелікс Турнашон, вядомы пад псеўдонімам Надара, з’яўляецца адной з найболым цікавых і сімпатычных фігур, якія высунула гісторыя паветраплавання. Таленавіты творчым выабражэннем, пісьменнік і мастак, Надар быў перш за ўсё чалавекам дзеяння. Палкая натура, энтузіяст, заўсёды гатовы дапамагчы сваім сябрам, хоць-бы для гэтага патрэбна было рынуцца стрымгалоў у самую рызыкоўную справу. Надар, якога Жуль Верн мог, не намагаючы асабліва свайго выабражэння, узяць за арыгінал Мішэля Ардана, што накіроўваўся на Луну ў пушачным снарадзе, быў чалавек, якому найбольш падходзіла ўзяць у рукі сцяг з дэвізам „цяжэй за паветра“.