Старонка:З пушкі на Луну.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як цяпер апісаць хваляванне, ахапіўшае Злучаныя Штаты? Уражанне атрымалася ледзь не ў дзесяць разоў большае за тое, якое год назад зрабіла першая прапанова Барбікена. Як рэзюмаваць усё тое, што было напісана з гэтай прычыны ў газетах, як яны прынялі гэтыя новыя звесткі, на якія лады сталі апяваць прыбыццё новага героя Старога Свету? Як перадаць ліхарадачнае хваляванне, ахапіўшае масу? Многія пачалі лічыць дні, гадзіны, хвіліны, нават секунды, што засталіся да прыезду Мішэля Ардана… Як даць хоць-бы слабае паняцце аб пякельнай рабоце мозга, падпаўшага пад уплыў неадчэпнай ідэі? Як паказаць усе змены, усю сумяціцу ў фабрычных работах, у гандлёвых справах, у адыходзе караблёў, выкліканую чаканнем прыбыцця «Атланты» і жаданнем некалькіх соцень тысяч людзей прысутнічаць пры гэтым прыбыцці? Штодзённа ў бухту прыходзілі паравыя і парусныя караблі, рабочыя баржы і багатыя яхты, перапоўненыя пасажырамі, і адразу ішлі назад за новымі партыямі турыстаў, раней запісаных на праезд у Тампа. Як злічыць усе тысячы цікаўных турыстаў, якія за два тыдні ўчацвярылі насельніцтва Тампа і павінны былі жыць за горадам на полі, у паходных палатках? Можна толькі накідаць галоўныя рысы гэтай грандыёзнай карціны, але немагчыма даць агульны яе контур, хоць-бы сотую частку яе дзіўных падрабязнасцей!

Урэшце, настала дваццатае кастрычніка…

А дзевятай гадзіне раніцы семафоры Багамскага праліва сігналізавалі з’яўленне густога дыму на гарызонце.

Праз дзве гадзіны з гэтымі семафорамі абмяняўся сігналамі вялікі параход. Тут-жа следам