Старонка:З пушкі на Луну.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

канне: пачалі ганьбіць і лаяць Барбікена; абвінавачвалі яго ў самаўладстве, ледзь не ў дэспатызме; аб’явілі яго распараджэнні і паводзіны занадта неамерыканскімі, — і каля варот стонзхільскай агарожы гатоў быў выбухнуць сапраўдны мяцеж. Але Барбікен, як мы ўжо ведаем, заставаўся няўмольным, і яго цвёрдасць перамагла.

Але пасля адліўкі, калі калумбіяда была гатова, ужо не было для чаго зачыняць вароты агарожы. У гэтым убачылі-б не толькі недахоп далікатнасці ці абыходлівасці з публікай, — а публіка Злучаных Штатаў надта чуткая ў гэтых адносінах, — але і прамыя здзекі з законных яе патрабаванняў; гэта магло-б выклікаць вельмі вялікае нездавальненне грамадскай думкі. Таму Барбікен шырока расчыніў дзверы стонзхільскай агарожы, але, як практычны янкі, адразу здагадаўся, што тут можна выгадаць для сваёй справы на гэтай грамадскай цікаўнасці.

Вядома, і звычайнае відовішча небывала-вялікай пушкі было вельмі прывабна для публікі. Але Барбікен прыдумаў яшчэ асобы выкрут, які павінен быў паказацца ідэалам шчасця для сапраўднага амерыканца, а іменна — спуск у калумбіяду да самага яе дна, на трыста метраў.

Гэта стварыла сапраўдны фурор. Каля паравога калаўрота, які апускаў і паднімаў цялежку з дна калумбіяды, з раніцы да вечара тоўпіліся, чакаючы чаргі, старыя і маладыя мужчыны і жанчыны. За спуск была ўстаноўлена плата не малая — па пяць далараў з пасажыра, — і, тым не менш, попыт на «дно калумбіяды» быў такі вялікі, што за два месяцы каса Пушачнага клуба разбагацела на поўмільёна далараў.