Старонка:З пушкі на Луну.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Першымі наведвальнікамі дна калумбіяды былі, зразумела, члены Пушачнага клуба, якія цалкам заслужылі права на такое пачэснае пяршынства.

Урачыстасць першага спуску ў калумбіяду была прызначана на 25 верасня. У ганаровай цялежцы змясціліся: старшыня Барбікен, сакратар Дж. Т. Мастон, маёр Эльфістон, генерал Морган, палкоўнік Блемсберы і іншыя — усяго дзевяць найбольш дзейных членаў Пушачнага клуба. Да іх, зразумела, далучыўся і начальнік работ — інжынер Мерчызон.

Нязносна горача было яшчэ ў гэтай велізарнай чыгуннай трубе… Спачатку некаторыя проста задыхаліся ад духаты. Але затое якая прыемнасць, якая радасць!

На масіўным каменным п’едэстале, аснове пушкі, аказаўся багата сервіраваны стол на дзесяць чалавек. Гэту своеасаблівую сталовую асвятляў, як удзень, магутнейшы электрычны ліхтар.

Пачаўся банкет. Шматлікія і раскошна згатаваныя стравы, нібы з неба, апускаліся на стол разам з бутэлькамі лепшых французскіх він. Бал пайшоў на славу ў пушцы, на глыбіні трохсот метраў.

Можна сабе ўявіць вясёласць гасцей! Тост выклікаўся за тостам. Пілі за зямны шар, за яго спадарожніка, за Саюз Злучаных Штатаў, за Луну, называлі яе светларусаю Фебаю, бажэственнаю Дыянай, светлай красуняй Селенай, чароўным свяцілам ночы, мірным вестуном неба. Усе гэтыя «ура», узмоцненыя гукавымі хвалямі каласальнага металічнага цыліндра, выконваючага ў даным выпадку ролю агромністага рупара, даносіліся на паверхню зямлі, нібы рокаты грому, і натоўп, які сабраўся вакол Стонзхіла, уторыў сваімі крыкамі дзесяці шчасліўцам, захаваным на дне велізарнейшай калумбіяды.