Старонка:З пушкі на Луну.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жыць сяміметровым каменным мурам; наогул гэта павінна быць шахта шырынёй у дваццаць метраў і глыбінёй у трыста метраў. Гэту вялікую работу неабходна закончыць на працягу васьмі месяцаў. Для тысячы рабочых гэта няцяжка, калі яны працуюць на прасторы. Вам-жа давядзецца працаваць у параўнальна абмежаванай прасторы. Тым не менш работа павінна быць зроблена, і яна будзе зроблена: я разлічваю столькі-ж на вашу мужнасць і на вашу энергію, колькі і на вашу здатнасць.

Слухачы Барбікена былі зусім падрыхтаваны да яго энергічнай прамовы, выразіўшай у кароткіх словах праграму работ і адносіны Барбікена да рабочых. Гэта прамова як нельга больш падыходзіла да характару і дзелавітасці галоўных выканаўцаў будучай пабудовы. Яны адразу-ж разышліся і прывялі чарговую змену рабочых.

Ужо а восьмай гадзіне раніцы на вяршыні Стонзхіла пачуліся першыя ўдары кіркі, і з таго часу гэта мужная прылада ні на адну хвіліну не заставалася без работы: рабочыя мяняліся чатыры разы за суткі.

Адным з пунктаў дагавора з Пушачным клубам Гольдспрынгскі завод абавязваўся сцягнуць дула калумбіяды вялізнымі абручамі з кованага жалеза, якія прышлося-б насаджваць гарачымі. Мерчызон сказаў, што камяністы грунт цвёрды і гэтыя абручы, якія будуць каштаваць надзвычай дорага і зоймуць вельмі многа часу, з’яўляюцца зусім лішняй раскошай.

Нечага гаварыць, што практычны розум Барбікена адразу ацаніў важнасць меры, прапануемай Мерчызонам. З агульнай згоды гэты пункт дагавора быў адменены.