Перайсці да зместу

Старонка:З гераічнага мінулага беларускага народа (Гарбуноў).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адной трэці армій Напалеона. Да пачатку вайны ў месцы пераправы Напалеона праз Нёман ён меў да 600 тысяч салдат, праз Бярэзіну прайшло 420 тысяч, к Барадзіну ў Напалеона было 325 тысяч салдат. У выніку партызанскай барацьбы беларускага і рускага народаў, а таксама ў выніку голаду і хвароб, выкліканых тым, што народ знішчыў запасы харчоў і фуража, вораг нёс страты. Вораг павінен быў кінуць значныя сілы для аховы камунікацый і барацьбы супроць партызан. Гэта падточвала сілы войск Напалеона, распыляла іх і ў агульнай складанасці зменшыла амаль да паловы.

За сваю шматвяковую гісторыю беларускі народ вынес шмат пакут і нястач, але ён стварыў і захаваў сваю культуру, мову, свае нацыянальныя асаблівасці.

Беларускі народ нарадзіў такіх вядомых дзеячоў, як Кірыла Тураўскі-філосаф і пісьменнік, Георгі Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мелеці Сматрыцкі, Сцяпан Зізаній, Сямён Полацкі, Ефрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Дунін-Марцынкевіч, Багушэвіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас. Усе яны сваёй дзейнасцю дапамагалі беларускаму народу захаваць сваю культуру, развіць і ўзняць яе, дапамаглі народу заняць пачэснае месца сярод іншых славянскіх народаў.

Перамога на Чудскім возеры, разгром татар на Куліковым полі, Грунвальдская бітва, разгром лівонскіх немцаў Іванам Грозным, сямігадовая вайна паказалі, што храбры, свабодалюбівы рускі народ з'яўляецца самай магутнай апорай усіх славянскіх народаў у іх барацьбе супроць нямецкіх захопнікаў.

Перадавыя ідэі лепшых сыноў Расіі ў XVIII, XIX і XX стагоддзях ад Радзішчава, Пестеля (дзекабрыстаў), Герцэна, Бялінскага, Чэрнышэўскага, Плеханава да вялікіх правадыроў працоўных Леніна і Сталіна паказвалі шлях усім славянскім народам, шлях да свабоднага і незалежнага жыцця. Ідэі рускіх революцыйных дэмакратаў і асветнікаў з'яўляліся стымулам вызваленчага руху славянскіх народаў. Гэтыя ідэі знаходзілі паслядоўнікаў у Балгарыі, Сербіі, Польшчы, Беларусі, на Украіне.

З канца ХІХ стагоддзя германскі імперыялізм стаў самым драпежным і злейшым ворагам славянскіх народаў. Ён стаў пагражаць самому існаванню славян. Але да таго часу на арэну гісторыі вышла непераможная сіла-арганізаваны рускі рабочы клас з сваёй большэвіцкай партыяй, якую ўзначальваюць Ленін і Сталін.

Партыя Леніна - Сталіна адстаяла права прыгнечаных народаў, у тым ліку і славянскіх, на самавызначэнне. У выніку Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі беларусы, таксама як і ўкраінцы, упершыню ў гісторыі, змаглі стварыць свае незалежныя дзяржавы. У выніку перамогі Вялікай Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі ўзніклі, як незалежныя дзяржавы, Польшча, Югаславія, Чэхаславакія.

Нямецкія захопнікі вельмі хітра карысталіся раз'еднанасцю славянскіх народаў. Яны нацкоўвалі славянскія народы адзін на другі. Вядома, як Германія была зацікаўлена ў тым, каб паміж Польшчай і рускімі, украінцамі і беларусамі было ўзаемнае недавер'е і існавала варожасць. Немцы нацкоўвалі Польшчу і Літву на захоп беларускіх земляў. Польскія магнаты ўцягвалі польскі народ у захопніцкія авантуры. Захапляючы чужыя землі, непамерна раздуваючы свае граніцы за кошт беларускіх і ўкраінскіх земляў, Рэч Паспалітая, пры кожным парыве ветра гістарычнае непагоды, распадалася.

Немцы наўмысля стваралі бездань паміж польскім народам з аднаго боку і рускім, беларускім і ўкраінскім, з другога боку. Гэта бездань стваралася вопытнай і каварнай германскай дыпламатыяй і агентамі Ватыкана.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі ў рашаючыя моманты польскі народ дзейнічаў разам з рускім і беларускім народам супроць сваіх ворагаў. Так было ў часы Грунвальдскай бітвы. Рускі, беларускі і ўкраінскі народ разграмілі нямецкіх акупантаў у 1918 годзе, вызвалілі ад іга нямецкай акупацыі і польскі народ.

У ходзе Вялікай Айчыннай вайны славянскія народы пераканаліся, што трывалай свабоды і незалежнасці яны могуць дабіцца толькі пры ўмове салідарнасці і сумеснымі намаганнямі супроць сваіх агульных ворагаў.

Усё жыццё беларускага народа непарыўна звязана з рускім народам. Беларусы шануюць баявыя традыцыі сваіх продкаў, сілу, славу і веліч свайго народа. У далёкім мінулым яны бачаць смелы і мужны народ, які змагаўся з іншаземнымі захопнікамі за сваю чэсць, свабоду і незалежнасць.