Старонка:Зямля (1928).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён прытрымаў рукаў расы і блаславіў Сабастыяна, пасьля адшукаў вачыма гаспадыню і блаславіў яе.

І раптам зноў стала шумна. Неўзабаве поп весела ужо грукаў басам:

— Гэта нічога, гэта нічога не парушае. Хрысьцілі ў тую нядзелю, хрысьціны спраўляем у гэтую — гэта і весялей. Таінства савершано, гуляць можна калі хочаце.

У другім кутку дзяк, ня менш грымучым голасам, даводзіў:

— Я гэтага не цярплю. Трэба выпіваць да дна, Калі вам страшна, вы разам хлопніце — і дзелу канец. Сьмела!

Дзяўчына, пачырванелая і прыгожая, саромліва адмаўлялася.

— Я ж вам кажу, вы сьмела, разам. Яй-богу!.. Дзівачка вы!

— Я лепш другім разам.

— Што значыць — другім разам.

Раптам дзяк, стараючыся трымаць галаву роўна, грукнуў вясёлаю актаваю:

— Гор-р-р-ка-а-а!

— Ціха ты, — штурхануў яго ў локаць белабароды Павал, — тут табе не вясельле. Што ты, чалавеча, ацапеў?

— Выбачайце, я ўпусьціў з віду,—сказаў дзяк і ўспомніў перарваную раней гаворку:

— Кабыла? Што кабыла! Што значыць кабыла! Раз яна добрага заводу, тады яна і добрая будзе.

Белабароды Павал таксама ўспомніў перарваную на поўслове гаворку:

— Завод, кажаш? Калі ты добры гаспадар, дык табе і завод ні пры чым.