Старонка:Зямля (1928).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня ведаючы чаму і перад кім стараючыся быць дасьціпным.

У кухні нікога ня было. У печы датляваў жар, два хворыя вазончыкі на вакне пахлі на ўсю кухню.

Ён прычэсваў ужо стрыжаныя свае валасы, стоячы ў хатніх дзьвярах, як Ганна ўвайшла з надворку з дайніцаю малака. Яна пачырванела, глянуўшы на яго і адказваючы ўсьмешкай на яго вясёлы выраз твару.

— Чаго вы пачырванелі? — сказаў ён.

— Я не пачырванела.

— Пачырванелі.

— А чаго вы сьмеяцеся?

— Хіба-ж я сьмяюся?.. Чаму вы так позна каровы доіце. Гаспадыня з вас, як...

— Як з вас каморнік.

І яны абое засьмяяліся. Трымаючы твар уніз, яна бліснула на яго востраю прывабнасьцю шырокіх вачэй сваіх. Ён колькі хвілін моўчкі глядзеў на яе, поўны жаданьня не адходзіць ад яе.

— От замест таго, каб так прыглядацца, дык памаглі-б мне.

— Няўжо вы самі ня справіцеся, што яшчэ памагаць вам. Гаспадыня!..

— Ды я то спраўлюся.

— Дык нашто-ж вы просіце, каб я памагаў вам?

— Ня люблю, калі хто без работы стаіць!

— Ах, як ужо вы вельмі работу любіце.

— Бо і люблю.

— З вялікіх любошчаў да работы сягоньня спалі чуць ні да паўдня.

— А вы!.. Я ўжо колькі работы зрабіла, а вы кагадзе ўзварушыліся.