Старонка:Зямля (1928).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму? Дурны, еш ды праўся. А то вельмі-ж худы... Пачакай бульбы, я не забаўлюся. Тады сабе пойдзеш, яшчэ рана.

— Ай!

Ён надзеў шапку і свой кажушок. І пашоў на двор. Усьлед яму маці ціха сказала сама сабе:

— Гадуюцца, як парасята. Ядуць у шапках, богу ніколі ня моляцца, зараз мыцца пакінуць. Проста аж страшна.

Ён пачуў, але пашоў моўчкі далей. Мацеры ён шкадаваў, тады як бацькі толькі баяўся.

На дварэ каля варот ляжалі зялёныя цырбуны з бульбяніку. Ён абцёр аб іх ногі і падумаў: "няхай высахнуць, тады ў хлеў укінецца", і раптам забыўся на гэта, выходзячы на вуліцу.

Праразьліва крычалі недзе гусі, скрыпела студня і рыкала карова. Абрысы вуліцы губляліся ў змроку. Змрок быў белаваты, сухі, асеньні. Асьцерагаючыся ступаць, каб ня ўразіць абадранае нагі, ён прайшоў некалькі крокаў, мінуў сваю хату і прыпыніўся каля адчыненых варот суседняга двара.

— Юзік!

У адказ нехта коратка сьвіснуў.

— Дзе ты?

— У цэбры ногі мыю! Ідзі, калі хочаш і ты памый.

Цэбар стаяў у глыбіні двара, каля саламянае павеці. Вады ў ім было да краёў, вада была дажджавая, прытухлая. Юзік сядзеў на непілаваных дрывах, пахнучых мохам і смалою і боўтаў у вадзе нагамі.

У Юзіка быў шырокі твар і сінія вочы. Цяпер толькі шырокі казырок памятае шапкі чарнеў у яго над тварам. Юрка сеў побач з ім і апусьціў ногі ў цэбар. Юзік высмаркаў нос, плюнуў на той бок цэбра і запытаў: