Старонка:Зямля (1928).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выбрацца. Дзе які камітэт, дык ужо і ён там! Адразу! Ён ужо камітэтчык! Нядай бог, што за асэсар!

Тамаш зноў ня сьцерпеў:

— Ну, бо і добра робіць. Ён хоць абзавецца дзе трэба. Карысьць вялікая, што ты ад усякіх, як ты кажаш, камітэтаў рукі атрэпаеш, як ад чаго ліхога. І калі дзе прыдзецца, дык слова з цябе ня выцягнуць, як-бы табе цяляты язык аджавалі. А от тут пад кустам або пазавугольлю, дык ты вельмі-ж бойкі. Табе ніхто не унаровіць.

— А ты што, сам у камітэтчыках думаеш век векаваць? Пачакай перавыбараў, другі раз у сельсавет наўрад ці пройдзеш!

— Тады ўжо ты пройдзеш.

— А што, ты думаеш я дурнейшы за цябе? Ты думаеш я дзела не павёў-бы? Але я маю чалавечую натуру. Я не магу зьвягаць на кожнага пападвоканьню — таму падатак, таму нядоімка... Начорта мне сварыцца з суседзьмі, навек ворагаў нажываць. Я люблю глядзець свайго. Я гаспадар.

— Ты думаеш, адно ты гаспадар знайшоўся? Усякі з нас гаспадар, хто лепшы, хто горшы. А сельсавецтва гэтае для мяне непатрэбна. Як-бы я ўспамогся вельмі ім! Вялікае шчасьце лазіць па дзесяць разоў да яго пад вакно, выцягваць яго на сход. Парабка знайшоў, ды яшчэ кпіны строіць. Падзякаваў-бы, зараза.

— Дзякуй табе.

Тамаш падняўся і пашоў у кусты. Алесь засьмяяўся, паглядаючы на Барановіча. Павал весела кіўнуў яму:

— Зазлаваў... што яго гаспадаром не назваў.

— Ён то гаспадар, на яго няма чаго казаць. Хто на яго што кажа. Але вельмі ўлазіць куды яму ня трэба. Унь у гэтыя камітэтчыкі як улез,