Старонка:Зямля (1928).pdf/344

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

магу пісаць. Тату сёньня баліць нага, енчыць, стогне. Раней, дык нічога, гэта ўсё было, а гэта я адвыкла, дык нейк страшна робіцца. Туман па дварэ густы пашоў, дык яму горш робіцца. Пайду сёньня рабіць што, буду, мусіць, з мамаю крупы дзерці ў жорнах. Брат досьвіткам уставаў малаціць, а мне ўсё ня спалася. Усё новым, інакшым, як было, здаецца мне. Хацелася ўстаць разам з братам, але не хацела непакоіць маці — падумала-б, што я хворая якая, што ня сьпіцца мне. Гэтак і ляжала, пакуль мама не паднялася. На дварэ ўсходжваецца вецер. Бывай".

XX

"Гануся мая! Пішу табе з дарогі. Выехаў у той дзень, як і ты. Ня меў часу напісаць табе перад самым выездам. Дрэнна пісаць у вагоне, але затое, якая шырыня думак. Цяпер я цьвёрда рашыў — на інжынэра вучыцца. Краіна наша гэтулькі пэрспэктыў мае наперадзе, гэтулькі працы чакае! Я цяпер зусім упэўнены, што, будучы інжынэрам, я буду адчуваць сябе на сваім месцы. Я ўпэўнены, што я знайду тут сябе. Якая шырыня бяжыць за вокнамі. І як сябе адчуваю я цяпер вольна. Калісьці, як жыў яшчэ я дома і часта быў галодны і зімою дрэнна адзеты, тады здавалася мне, што будзе самае вышэйшае дасягненьне маё, калі я сам выйду з гэтае беднасьці і выведу з яе сваіх бацькоў, калі я і яны пачнем жыць пачалавечы. Нават думаў яшчэ гэтак, калі першыя гады вучыўся. Пасьля прышло іншае і цяпер зусім сформавалася. Памятаеш, мы гаварылі пра гэтае з табою ў першыя дні, калі жылі разам. Цяпер усё тое, што бяжыць