Старонка:Зямля (1928).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маёй зямлі ня спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Ня маюць права.

— Цяпер гэтакае права — ніхто ў цябе пытацца ня будзе.

— Але, цяпер, добра кажа, гэтакае права.

— Дык-жа гэта ня ўсю зямлю, а толькі прыбалотны клін. Колькі там тае зямлі! Больш там з яго таго клопату, чым тае карысьці, пакуль яна будзе так ляжаць і пакуль яе не улегаваць як мае быць. Дзе-ж вашы вушы былі, як гаварылі пра гэта?!

— Мае вушы былі там, дзе яны павінны быць. Я хоць ня чуў, можа, але сам ведаю лепш за цябе. У гэтым будзь пэвен.

Юлік Барановіч пачухаў хворую нагу і сагнуў шыю, прыстройваючыся пад кустам. Твар яго быў заклапочаны; чухаючыся, ён зьбіў шапку на патыліцу і высокі лоб пераходзячы ў жаўтаватую лысіну, абвяваўся ветрам і блішчэў. Ён так ляжаў, упёршыся ў зямлю левым локцем, і раскідаў думкамі, як яно лепш і як горш. Ён паглядаў на Паўла, які так прыкра кагадзе гаварыў з ім, аднак чуў, мусіць, у ім нейкага прыхільніка свайго. Неузабаве ён зусім мякка заўважыў Паўлу:

— Горш за ўсё, дык гэтыя сьцегачы. Крыўдна, а-яй, як крыўдна, ліха на яго. Панасьцягваліся з усяго сьвету і цяпер камандаваць пруцца. Унь іншы, можа, дзе якім паскудзтвам займаўся, па сьвеце валачыўся, а гэта прыблытаўся сюды, зямлі ўхапіў і ўжо адразу, як роўны з усімі, разявіў горла арудаваць. Што, ня праўда?

Павал сядзеў на траве, падагнуўшы пад сябе ногі. Трымаў на каленях аброць і ціха пагойдваўся ўзад і ўперад. Тамаш, зноў пачынаючы курыць, сказаў: