Старонка:Зямля (1928).pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зямлі чарнела каля самай сьцяны. Каліва травы жаўцела з-пад сьнегу, нізенькае, сашчыпанае птушкамі. Ганна стаяла адна, глядзела ў сінь белых прастораў. Вечарам у хаце пачала гаспадарыць, давяла матку да сьлёз:

— От і добра, што ты пашла замуж, а ўсё-ж — хто яго ведае...

— Што вы, мама, начорта вы верыце гэтым плёткам. Мяне аж злосьць бярэ. Ну, нашто гэта вам?

— Не пра гэта я. Была от дома за гаспадыню, а гэта адно госьцяю стала. І добра яно і горна нейк мне старой. А гэта што гавораць, дык, добра бацька кажа, горлаў не пазатыкаеш. Абы адно няпраўда было ўсё гэта.

Тады Ганна раззлавалася:

— Не гаварыце, мама, больш гэтага. Ліха ведае, якою дурною выдумкаю мучыць і сябе і мяне.

Маці пачала ставіць на стол вячэру. Адчуваньне прытульнасьці грэла Ганьніна сэрца. Брат жартаваў, сьмяяўся; гаварыў з бацькам аб сечцы з жытняе саломы, у якую занадта шмат пушчана было канюшыны. Ганьне ён сказаў:

— От я цябе заўтра сечку рэзаць пастаўлю..

А яна адказала таксама жартам:

— А чаму. Пайду і буду рэзаць.

Маці не зразумела жартаў:

— Куды ты пойдзеш. Нарэжуць і без цябе.

Бацька засьмяяўся. Устаў, апрануўся, пашоў з ліхтарняю глядзець коняй. Кашляў, ходзячы па дварэ.

— Хіба ты, Ганна, спаць лажыся.

— Пасяджу.

— Адпачывай.

— Я не ўтамілася.