Старонка:Зямля (1928).pdf/320

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І, памаўчаўшы, дадаў Сабастыян:

— Эх, як яно ўсё робіцца! Тамаш, Тамаш. Эх!

Нагнуўся аж да самае дошкі абвіслымі вусамі і выкалупліваў з гебля стружкі. Твар у яго цьвёрды, абдзьмуты вятрамі, халодны. І нічога, здаецца, ня можа адлюстравацца на ім, тое, што жыве і кіпіць недзе далёка ў глыбіні.

Зноў гаворыць Сабастыян:

— Сырыя дошкі. Калі ты іх, Алесь, пілаваў?

— Гэта не мае. Лявон прывёз яшчэ ўдзень учора.

— Сырыя. Як ты не даганяй, усё роўна некалі ўлетку Тамашу хата разасхнецца.

— На яго век хопіць.

Алесь гулка стукае малатком, заганяючы новыя цьвікі ў сырыя дошкі.

XІV

Пад самы-ж дзень з усходу пачаў ісьці вецер і пасьля таго, як шмат свае, неабмежаванае людзьмі дарогі, прайшоў ён, зьявілася над сьветам сонца. Жорсткім зрабіўся сьнег і калючым. Дзень стаў шырокім і халодным бляскам твару свайго, расьсяваў ён і дробніў чалавечыя думкі. Пустым быў халодны бляск яго, і дробным звон мёрзлых даляй — халодная бель.

У той дзень зямля прымала ў сябе Тамаша.

Яна была раскапана і разварочана рыдлёўкамі і ломам у аднэй нязначнай мясьціне сваёй. Буйны жвір і гліна чырванелі сярод абязьвечаных зімою бяроз у чыстым полі. На тры аршыны ўглыб адчыніла зямля нетры свае і маўчала, цяжкасьцю кожнае жмені пяску, перад холадам усіх недарэчнасьцяй сьвету. Тры аршыны пяску ўпарта чакалі.