Старонка:Зямля (1928).pdf/313

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Паляць?

— Гэтакія, кажуць, ёсьць ні то печы, ні то так нешта прыстроенае гэтакае. І знаку няма. Адно жменя попелу застаецца. Я згадзіўся-б, каб мяне спалілі, а не закопвалі ў зямлю.

— Тады ўжо ўсё роўна.

— Чорт яго ведае, як гэта... з чалавекам... Тры аршыны зямлі наваліць. От чалавечы лёс. Жыве, жыве!

Дым з Мікалаевае папяросы востра запах па ўсёй адрынцы. Сабастыян дастаў з кішэні капшук.

— Закуры, Алесь.

— Давайце.

— Гэта ў цябе, Алесь, бацькаўскі варштат застаўся?

— Бацькаўскі.

— Твой бацька таксама быў добры рамесьнік. Працавіты быў чалавек. Як гэта вы з Тамашом кампанавалі гэтак; адзін стары, другі малады. Кампанавалі.

— Ці гэта праўда, што Тамаш усё скардзіўся на старасьць?

— Як?

— Зайздросьціў табе, што ты малады. Жыць, кажа, хачу, а тут старасьць. От-бо быў чалавек.

— Праўда. Праўда, дзядзька Сабастыян. Скардзіўся, жыць хацеў. Яму трэба было яшчэ пажыць.

— Дзіва што трэба. Усякаму чалавеку трэба пажыць.

Мікалай узяў у рукі пілу, прысеў на заперыну і сказаў:

— Ўсякаму? Не, ня ўсякаму. Ёсьць гэтакія, што адно паскудзяць, жывучы. Паскудзіць сьвет, псуе кроў людзям. Дык гэтага ня шкода. Гэтакага, каб прышлося, і забіць ня грэх.