Старонка:Зямля (1928).pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не варушачыся, і страшна было паварушыцца. Лявон стаяў над тварам:

— Дай я з цябе, бацька, скіну браварку. Крычыш нешта з гарачкі. Можа заўтра доктара пазваць?

— Пазаві.

Даў Лявону скінуць браварку і боты. У палатнянай бялізьне здаваўся вялікі, магутны. Адно нерасчэсаная, памятая барада псавала панурую прыгожасьць твару. Дачка накрыла яго кудзельнаю коўдраю.

— Можа даць, тата, чаго зьесьці?

Цяжка было адказаць. Сагрэўся і ціха задрамаў.

Вечарам ў Мацьвея сядзеў за сталом Сабастыян і выціраў рукі. Мацьвей пёк на прыпеку скваркі і гаварыў Сабастыяну:

— Няхай-бы ты мыла ўзяў, а то сала так не адмываецца.

— Нічога, я мыў гарачаю вадою... Дзе гэта Мікалай?

— Малоціць у Аляксандра.

— Да самага цямна?

— Ну, можа адхіліўся куды. Што яму, адзін душою.

Зьняў з трыножкі скавараду:

— Юрка, падсьцялі пад скавараду на стол якую-небудзь паперку.

Паставіў скавараду на стол і дастаў з-пад падушкі на ложку бутэльку гарэлкі. Сабастыян заўважыў:

— Нашто ты браў аж бутэльку. Хапіла-б і поўбутэлькі.