Старонка:Зямля (1928).pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чуваць было пасьля, як на дварэ Лявон гаварыў сястры:

— Бацьку горш стала. З гарачкі гаворыць. Вядро вынес на вуліцу і паставіў нямаведама нашто ў варотах.

І голас гэты ўваходзіў у сьвядомасьць, як нешта незразумелае, цяжкае, калючае. Так і ляжаў да самага вечару ў браварцы. Здавалася яму, што гэта на полі гэтак ціха. Ветру няма, але ідзе аднекуль плынь паветра, з ялоўцавых кустоў і з крушынавых надрэчных зарасьнікаў. І дымам аднекуль цягне. Можа гэта дзе за ўзгоркамі пастушкі наклалі агню і дурэюць каля яго. Раптам узьнімацца пачаў вецер і пагнаў дым за кусты. Ўзварушыў чыстую застаялую ваду ў каляінах, дажджавую ваду. Разышліся некуды і пастушкі. Адно папялішча засталося разьвявацца ветрам. А ён сам з Алесем сядзяць на мяжы і гавораць пра гэты вецер, які можа павыдзьмухаць жыта, што кагадзе пасеяна на сыпучай ральлі. Але Алесь весела ўпэўнівае, што нічога, зерне добра забаранавана і застаецца ў зямлі ўсходзіць і расьці. Яшчэ каморнік паволі прайшоў па полі. Пасьля Мацьвеіха з Юркам. Падышла да іх і гаворыць:

— Пільнуй, Тамашка, майго хлопца.

І ён адказвае:

— Буду пільнаваць.

— Упільнуй-жа хаця яго.

— Упільную.

Раптам усё гіне, прападае. Хочацца крыкнуць, каб яшчэ сказала Мацьвеіха, што ёй патрэбна больш. Нехта за плячо штурхае. І голас як-бы Лявонаў. Пасьля ўсё сьціхла і заспакоілася.

Калі паволі расплюшчыў вочы, вечар быў у хаце і слабасьць ва ўсім целе. Салодка было ляжаць,