Старонка:Зямля (1928).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж ты без каўняра ходзіш, скажы, няхяй табе дома прышыюць. Як-жа ты так да дзяўчат ходзіш?

— Я яшчэ не хаджу.

— Чаму ж ты ня ходзіш?

— Бо яшчэ ня вырас.

— І-і-і, дзівак. Я ў твае гады, бывала, дык уг-га... Колькі табе год цяпер?

— Я добра ня ведаю, здаецца дванаццаць-трынаццаты.

— Дык ты неўзабаве гаспадаром будзеш!

Юрка маўчаў, стараючыся схаваць кулакі ў вузкія рукавы аблезлага кажушка.

— Чаму ты такі, сынку, нясьмелы?

— Я ня ведаю... Хіба я нясьмелы?.. У вас, дзядзька, запалкі ёсьць?

— Нашто табе?

— Гэта я хачу агню накласьці.

— Кладзі... На табе запалкі.

Тамаш кінуў запалкі на траву, Юрка ўзяў іх, паглядзеў і сказаў:

— Адсырэлі.

— Якое адсырэлі, калі я іх у кішэні трымаў!

Аднак Юрка падсушыў запалкі: расшпіліў кажух і падлажыў іх пад паху. Мільгнула з-пад кажуха пафарбованае начорна зрэб'е верхняе сарочкі і жоўтая бляшка вузкага раменьчыка-падпяразкі. Пад кажухом Юрка быў тоненькі і кволы.

— Але-ж твой і кажушок выліняў, голы, як бубен.

— Гэта мне і пашылі гэтакі.

— Дзе-ж вы такіх аўчын дасталі?

— Гэта з старога татавага перашылі.

— І без каўняра шылі?

— Не, адарваўся.