Старонка:Зямля (1928).pdf/286

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Узяла венік, падмяла каля печы дробную кару з дроў.

— Што ты робіш цяпер, Алесь?

— Малачу.

— Што ў вас там робіцца?

— Ня ведаю. Нідзе ня бываю, у хаце сяджу.

Памаўчалі. Абодвым хацелася зноў так сядзець, як учора. І нейкая як бы саромлівасьць была трохі ў іх абаіх.

— Сядзь, Маня, тут.

Маня села і прапалі ў іх адзнакі лёгкай саромлівасьці. Сядзелі блізка. Гаварылі пра ўсялякія нязначныя і дробныя рэчы. Шпарка бег час. Шмат было выгаварана за вечар слоў і нічога ня было сказана пра самае важнае. Але было адчута высьветлена яно само ў іх абаіх. І гэта было вядома ім. Алесь пашоў у той вечар дадому радасны і шчасьлівы Маняю. Ішоў хутка сьнегавою дарогаю. Ад хады і марозу весела захватвала дух. Дома здалося душна, празьмерна цёпла ў хаце. Не запальваючы лямпы, стаў класьціся спаць. Думаў пра Маню. Думаў пра тое, што можа яна прынясьці яму сваю жаночую радасьць. І доўга ня мог заснуць. Хацелася, каб хутчэй прайшла ноч, а там раніцою дамалаціць з Мікалаем авёс і пайсьці да Клемуся, разьведаць, як капэля. Пайсьці да Тамаша, разьведаць пра алейню і камітэцкія справы. Заснуў пад дзень. І прачнуўся як зусім відно было. Усхваціўся.

— Заспаў.

Маці сказала:

— Хіба ты нездароў?

— Позна прышоў.

— Ці гэта-ж пяршыня табе позна прыходзіць?

— Галава баліць.