Старонка:Зямля (1928).pdf/285

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну добра.

І ўжо ўвесь час маўчалі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, аж пакуль не зазьвінелі ў дварэ галасы. Дзяўчаты пачалі разьбіраць свае прасьніцы. Трэба было зьбірацца дадому.

VІІ

Назаўтра ня было вячорак. Алесь адзін прышоў бяз Клемуся. Бацька Манін стаяў каля стала над лямпаю і глядзеў на агонь. Узрадаваўся Алесю:

— А старая мая на вячоркі сышла недзе. Воўну прадзе. А я от закурваць зьбіраюся. Часам гэта бывае ў чалавека — стаіш, як чапля ў вадзе, глядзіш на што-небудзь і цяжка табе вачэй на што-небудзь іншае адвесьці. Ад чаго гэта бывае часамі ў чалавека?

— Ну, але гэта бывае.

— Ты гэта да Мані гуляць прышоў, мусіць?

— Да Мані.

— Ну то прыдзецца-ж табе, браце, пачакаць. Давай будзем разам закурваць.

— А дзе-ж Маня?

— Ой, браце, далёка. Не палохайся, у Амэрыку не паехала. Ня так далёка, як глыбока. У пограб па капусту палезла.

Стукнулі дзьверы.

— Добры вечар, — сказала Маня.

Выцерла рукі, падышла да лямпы і падала Алесю руку. Рука была халодная, макраватая.

— Куды вы, тата, сабраліся?

— От куды-небудзь высунуся з хаты.

І пашоў. Чуваць было, як кашлянуў і плюнуў на вуліцы. Пахла ў хаце шаткаванкаю і курадымам з лямпы. Маня падкруціла большы агонь.