Старонка:Зямля (1928).pdf/281

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьмітрок усьцягнуў на ногі боты і пашоў на двор. Алесь і Клемусь памагалі ўжо дзяўчатам прасьці. Рогату была поўна хата. Зьмітрок увайшоў, сьцягнуў з ног боты і зноў палез на палаткі. Курыў, падаваў свае заўвагі. Сказаў:

— Для вас дык вядома з навіны — апараніліся вы трохі, браткі.

— Чаму?

— От зараз, пачакайце, дык поўна хата хлопцаў будзе. І нават малых панашываецца, адкуль толькі яны і бяруцца. Яно дарма, што малое, як вош, а да дзяўчат і яго ўжо, ліха яму, цягне. Хэ-хэ.

Неўзабаве пачалі сыходзіцца чучаноўскія хлопцы. Пазнавалі Алеся і Клемуся:

— Здаровы, браткі.

— Да чучаноўскіх дзяўчат гуляць? Бач ты!

— Здароў, Алесь!

— Як гэта вы трапілі?

Зьмітрок падаў голас з палатак:

— Як трапілі, дзівак! А як ты, блізкі сьвет, аж у Астрэйкі дапінаеш да дзяўчат. Галава!

Хлопцы прынясьлі гарэлкі, пачалі частаваць дзяўчат. Сілком прымушалі піць. Дзяўчаты рагаталі, пішчалі, ня пілі. Тады хлопцы папрымошчваліся ў мыцельніку на лаве:

— Дзядзька Зьмітрок, злазьце — вып'ем па чарцы.

Зьмітрок спусьціў ногі з палатак:

— Ад добрага я не адказен.

Сышоў на зямлю і ўмяшаўся ў хлапечы натоўп. Хлопцы прывялі пад рукі дзяўчыну:

— Калі ня хочаш піць, дык хоць папробуй.

— Ай, адчаліся!

— Ну хоць губы памачы.

— Ня буду.