Старонка:Зямля (1928).pdf/280

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзяўчаты зашчабяталі:

— А от затанна ня лішне нас возьмеш замуж. Раней няхай парогі паабіваюць, ходзячы.

— Вы думаеце, для дзяўчат толькі і думак, што пра хлопцаў!

— Толькі ўсяго і думак, што замуж!

— Гэта, гледзячы, які хлопец будзе.

Зьмітрок, зьвесіў з палатак ногі і не даслухаў да канца дзявочага шчэбету:

— А яны-ж у нас гэтакія — абы ўгледзіць хлопца, дык гатова за ім на край сьвету бегчы. Бач, унь тая, што каля вакна сядзіць. Як толькі ўбачыла, што хлопцы ўвайшлі, дык аж самлела.

Дзяўчына пачырванела:

— Чаго мне млець. Ня бачыла ніколі хлопцаў!

Зьмітрок ніжэй спусьціў ногі з палатак:

— А хто цябе ведае, чаго ты млееш. Табе лепш самой ведаць, як мне старому. Я тут ня пры чым.

Дзяўчаты зноў зашчабяталі:

— Гэта-ж хлопцы заўсёды па дзяўчатах млеюць.

— Заўсёды хлопцы за дзяўчатамі бегаюць.

— От вы, дзядзька, заўсёды, ліха ведае, што прыдумаеце!

— Паслухаць адно вас!

Зьмітрок зьлез на палок і, чухаючы ногі, засьмяяўся:

— Гляньце, хлопцы, адно на яе, аж галава ў яе кругом ходзіць, прыглядаецца як на вас.

Дзяўчына больш яшчэ зачырванелася, апусьціла вочы і пачала моўчкі прасьці. Таварышкі за яе ўступіліся:

— Яна ў нас самая прыгажэйшая.

— Яна абы з кім і гуляць не захоча. Думаеце што