Старонка:Зямля (1928).pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

езьдзіў. Адзін раз, памятаю. ноч, як палатно, ясна ўсюды, бела, відната. Раса, як боб на траве. Халодная раса. І туман так сабе ўстае наводдалек над балотам, як малако. Густы туман, як сьцяна. А мы пасом сабе коні ў зарасьніках. Трава, я-ж кажу, росная. А для коняй гэтая раса — лепш, як аўса. Конь улетку толькі і аджывае, што ўночы на роснай траве...

— Дык што там было?

— Начлег добры. Коні папад'ядалі і адпачнулі. Якраз, памятаю, снапы тады вазілі. Як я люблю начлегі! Як пачаў я з дванаццаці год езьдзіць на іх, дык от пакуль сыны на ногі не ўзьняліся, тады ўжо радзей езьдзіў. Ого! Конь табе ведае, любіць яго гаспадар ці не. Над каня і над сабаку няма на сьвеце разумнейшае жывёліны. Даўней у мяне быў сабака чорнае масьці, дык цыгане яго былі злавілі ды завязьлі некуды. Цэлы год ня было. А пасьля прыбег, небарак, з расьсечаным вухам. Дзе ён быў — хто яго ведае, ён-жа ня скажа табе, не паскардзіцца. Але прыбег дадому праз год, нікога і нічога, небарак, не забыўся. Усё як мае быць памятаў.

— Гэта Вашыновіч купіў у вас чырвоную кабылу?

— Але, я яму прадаў.

— Нашто вы прадалі?

— Я, сказаць, і шкадую цяпер, што збыў гэтую кабылу. Але няхай яна яму здаровая будзе. На гаспадарцы-ж так, калі пойдзецца, ды калі жывёла здаровая, дык і ўсё іншае добра будзе. Хіба, ня пры нас казана, у сям'і што здарыцца — захварэе хто, ці што, ці як. Я думаю, калі бог дасьць здароўе, некалі на вясну, калі здароў прычакаю, усю дзялянку пад авёс пусьціць — няхай расьце.