Старонка:Зямля (1928).pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён захварэў, ляжыць цяпер хворы, то я-ж кажу, каб бог даў паправіўся і пажыў яшчэ на сьвеце. Бо чалавеку жыць трэба. На тое чалавек, каб жыць. Усё жывое на тое жыве на сьвеце, каб жыць. А чалавек яшчэ больш. Ён, хоць-бы сабе і гэты, тымчасове, Тамаш. Захаладзіўся, а чалавек ён стары, от яго і забрала. А што яму суджана, яго ведае. Наперад чалавек нічога ня можа ведаць. Ні я, ні ён, ніхто ня можа ведаць, заўтра можа быць. Гэта, як сьвет сьветам, гэта заўсёды так, і ніхто ніколі гэтага не перайначыў. Як той, тымчасове, казаў, вышэй самога сябе ня скочыш. Калі суджана памерці, дык нічога не парадзіш, чалавек, памрэш. А калі суджана паправіцца, дык паправішся. А тымчасам, цяпер яно, хоць і старому, скажам, а пажыць — самы раз. Хоць спакою на сьвеце няма, але яно — вайна перажылася... Яно, праўда, невядома, што яшчэ будзе. У нядзелю на месьце гаварылі, што Англія гатова надумацца, ды на нас Кітая сунуць. Або, скажам, Польшча. Гэтая, каб на яе агні, сквапная, горла ў яе, можна сказаць, пражорлівае, а сэрца каменнае. Але калі яно на тое пойдзе, дык можа і адапхнецца гэтая, як той казаў, суседка.

Мікалай заўважыў:

— Як гэта адапхнецца?

— А хто яе ведае. Ну каб далей трохі, значыцца, а то вельмі-ж блізка расьселася, гадаўка. Калі што якое, дык яна і тут. Яна, па апісаньню сказана, і даўней усё мецяжы заварвала, дык думае, што і цяпер гэта тое самае. Гэта ўсё панская штука. Гэта ўсё яны арудуюць, каб іх, бог даў, агонь высмаліў там, дзе яны ёсьць. Я на работу ў двор хадзіў ззамаладу... Ну, тут яшчэ па адней засталося. Давайце перакулім і пойдзем спаць.