Старонка:Зямля (1928).pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І есьці варыць?

— Ну няўжо-ж само зварыцца. Вядома, што варыць... От каб цётка Наталя жыва была, дык цяпер у нас жыла-б.

— А чаго яна памерла?

— Я мала памятаю. Я тады яшчэ малы быў.

Занесьлі начоўкі ў сьвінух, паселі на парозе і глядзелі, як парасяты тыцкалі лычамі ў цеста. За сьцяною чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сьцяну ці аб жолаб. Зачынілі сьвінух, пашлі паглядзець каня. Пад нагамі ў каня было сена; вісела яно вехцямі і на краёх жолаба. На сьценах віселі старыя абручы, хамут. Жардзяная загарадка была забруджана курамі. За загарадкаю жаўцела ячменная салома. Шумныя вераб'і шмыганулі з яе пазастрэшшу на двор.

— Няўжо яны што ў гэтай саломе знаходзяць?

— У каня з жолаба авёс выбіраюць.

Селі на парозе, гаварылі пра ўсё, што пападалася толькі на вочы і ўзыходзіла на думку. І не хацелася ім нікуды адсюль ісьці, як-бы гэта тут знайшлі яны для сабе пачаткі ўсяго, чым жывуць яны.

Узьдзёртая ветрам, шамятала на суседняй страсе салома, пад цьвёрдым гольлем голых груш. Чорная была салома на страсе. Гойдалася на ёй змарожаная лябяда, бялела салома трох каліў жыта Шэрая зямла была пад чорным лісьцем. Расьцярушана была салома, раскіданы дробна пасечаны лом. Чыстае было неба высокае.

— От, каб у нас быў лепшы конь, я езьдзіў-бы ў фурманкі куды. І зарабляў-бы.

— Думаеш, вельмі лёгка гэта.

— Я ведаю, што не.

Памаўчалі. Глядзелі на ўсё.