Старонка:Зямля (1928).pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— От дурны ты.

— Чаму?

— Каб яна цябе набіла, дык тады-б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Мала што хто скажа... Мяне бацька, як гэта тады набіў за ваксу быў, дык гэта балела. А што табе... Клопат вялікі, што хто там дзяўкне. Што гэта, зашкодзіць? Чорт яго бяры...

— А ты тады доўга плакаў, як бацька набіў?

— Не.

— Не!? А я-ж нават бачыў, як ты назаўтра раніцаю ў агародзе каля сьцяны сядзеў і плакаў.

— Бо балела. Ты думаеш, не балела?

Скрыпелі ўсё дрэвы пад ветрам. Жоўты пясок, насыпаны каля сьцяны, пылеў, біўся ў салому, абсыпаў яе.

— Юрка, Юрка!

Праз плот глядзеў у сад твар. Даўно няголены, укрыўся рудым шчаціньнем. Шапка ссунута на вочы — зашмальцованы, разарваны і дрэнна сшыты казырок.

— Чаго вы?

— Ты ідзі ў хату, парасят накармі, а я пайду на места. Я, можа, там доўга і ня буду. Глядзі дому.

І пашоў — роўна і лёгка ступаў нагамі, трымаў рукі ў кішэнях. Вецер кудлачыў нерасчэсаныя валасы, што каля вушэй павылазілі з-пад шапкі. Кружыў вецер сухое лісьце ў садзе і на агародзе.

— Чаго гэта, Юрка, твой тата на места пайшоў?

— Нечага, мусіць, трэба.

— Я пайду з табою к вам.

— Хадзем.

— Будзеш парасят карміць?

— Буду.