Старонка:Зямля (1928).pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Каб хто яшчэ, а то яшчэ і ты, усё на нейкія хітрыкі бярэш, усё распытваеш. Начорта табе гэта!

— Я пасваяцку гэта, а табе — халера цябе ведае, што табе здаецца.

— Нічога мне не здаецца, а я гавару так, як яно ёсьць.

— І я гавару так, як яно, тымчасове, ёсьць.

— Гаворыш ты!

Пастаялі так адзін напроці аднаго, паглядзелі коса адзін аднаму ў твар і разышліся кожны у свой бок. Назаўтра-ж Сабастыяніха расказвала, што Вашыновіч вельмі заядла пасварыўся з Барановічам, бо зайздросьціць, што Барановічава дачка ідзе замуж за каморніка, а да яго дачкі ніхто нават і ня сватаецца. І дадавала, што сварка пачалася за тое, што Барановіч нібыта хацеў прысвоіць Вашыновічавы дошкі, якія яны напалавіну рэзалі летась. А калі суседкі пачалі сумнявацца, што ні Барановіч, ні Вашыновіч ніякіх дошчак у гэтыя гады, здаецца, не пілавалі, Сабастыяніха стала даводзіць, што гэта такія людзі, што ня толькі дошкі пілаваць, а яны табе што хочаш зробяць, і ніхто нічога і ведаць ня будзе. Пасьля гэтага суседкі, і нават ня-суседкі, падумалі: „наўрад ці гэта была праўда, што Вашыновіч з Барановічам сварыліся. Мусіць, гэта выдумала Сабастыяніха". Але, нягледзячы на такую думку, назаўтра яшчэ шпарчэй пашла погаласка, што Вашыновіч з Барановічам біліся за дзьве старыя дошкі, якія некалі Вашыновіч пазычыў у Барановіча і не хацеў аддаваць назад. І больш усяго вінавацілі Барановіча, бо ён вельмі-ж выявіў сваю нечалавечную зайздрасьць.