Старонка:Зямля (1928).pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

залажыў пальцы ў рукавы і пачаў глядзець на іх, павольна ўсьміхаючыся:

— Бач, як жывяцца. Недзе, падлы, схвацілі ў некага з карыта картоплі і дзяўбуць, ліха ім... Хватаюць, аж душацца... Эйш ты!

І радасна расплыўся ўсьмешкаю:

— А тоўсты які, сыты... Жыў-жыў, каб ты здох!

Тупнуу хвораю нагою і гукнуў:

— Фр-р-р!

Вераб'і раптам прапалі па той бок гумен. Нясучы на твары павольную ўсьмешку, Барановіч паклыбаў вуліцаю, разважаючы сам з сабою:

— Каб яно бог даў згарэла было, на зіму бяз шчыгла застаўся.

Спаткаў кума Вашыновіча. Кум запытаў:

— Што ты гаворыш?

— Гавару, што не ўдалося нідзе шчыгла злавіць, няхай-бы сьпяваў. І каноплі ёсьць, еў-бы ды сьпяваў. Летась, дык аж два шчыглы зімавалі ў мяне. Сьпявалі ўсю зіму, аж разьлягаліся. Бывала, чым-небудзь возьмеш ды пашамечаш — сухім зельлем, або торбаю з сухім аўсом, ці жонка пачне пасьцель перасьцілаць, ды сяньніком зашамеча, дык яны калі заціўкаюць, ды калі засьпяваюць, дык здаецца хата раскідаецца. А гэта нейк не злавіў, а цяпер позна ўжо. Што-ж, дзякуй богу, зіма на носе.

— Зіма, — адказаў кум.

— Дзе ты цяпер таго шчыгла зловіш.

— Чаму, захацеўшы, тымчасове, можна.

— Дзе?

— У мяне за гумном лопуху чорт ведае колькі зазімавала. Дык як усмаліць холад, дык яны, тым