Старонка:Зямля (1928).pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зрабі.

— А калі тата запытае, дзе я ўзяў грошай на ваксу?

— Скажы, што знайшоў на месьце дзесяць капеек.

— Ня дасьць веры.

— Дасьць.

— А чаму гэта ты так рана з школы ідзеш?

— Цяпер матэматыка засталася. Няхай яна згарыць. Яна мне страшна. Я дома ўчора задач не рашыў.

— Дык уцякаеш?

— Няхай яно згарыць. Яшчэ настаўнік возьме ды пад дошку выкліча, тады хоць плач.

— А калі папытае заўтра, дзе ты з школы падзеўся быў сягоньня?

— Скажу, што галава забалела.

— А ён возьме ды папытае ў цябе сёньнешніх задач. От ты тады і паскачаш перад ім.

— Не папытае.

— А калі папытае?

— Скажу, што вывучыў, але праз дзень забыўся. А калі папытае ў цябе, чаму ты сёньня ня быў?

— Скажу, што ботаў ня было.

— А як раней хадзіў?

— Раней цяплей было... Што ты будзеш цяпер рабіць?

— Нічога. А ты?

— І я нічога.

— Можа пойдзем куды?

— Куды?

— Куды-небудзь.

— Ну, добра.

Пад'ехалі пад хату.