Старонка:Зямля (1928).pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ненавідзяць адно аднаго, але жывуць, трымаюцца. І такім чынам трымаюць сям'ю, выхоўваюць дзяцей, якія ведаюць, што трэба жыць часам з квасам, парою з вадою, што гэтага ніколі ў жыцьці ня мінеш, адно трэба быць добрым і літасьцівым усюды і заўсёды. Пасьля-ж, як пасівее галава, тады спакойна ўжо будзе дажывацца век, бо за доўгія гады прывыкнецца, перажывецца, усё будзе добра, спакойна і ціха. Каморнік-жа думае і жыве іначай, і ніколі Ганна ня знойдзе з ім свайго шчасьця. Ён так выразна напісаў Ганьне. Так і напісаў.

І адкуль гэта Сабастыяніха магла дазнацца пра ўсё гэта?

Барановічаў кум Вашыновіч гаварыў дома жонцы:

— Я не зайздрошчу, я кажу: няхай, тымчасове, здаровы жывуць. Я такі чалавек. Але не магу не сказаць, што нешта гэта робіцца ня так, як трэба. Калі ты хочаш быць зяцем, дык ці гэта робіцца? Ён-жа нават з бацькам ні разу, як з чалавекам, не пагаварыў. Не пагаварыў, тымчасове, ні разу, як мае быць! Што гэта, бацька не такі чалавек, якога яму трэба ці што? Яна-ж гэта сама пра ўсё і гаварыла з бацькам, а ён хоць-бы слова казаў! Але яна таксама. От-бо маладыя цяпер якія! Я-ж кажу, няхай здаровы жывуць, ды разжываюцца. Я не зайздрошчу, няхай мяне бог крые, у мяне нават, тымчасове, і ў думках нічога гэтага няма; не такі я, дзякуй богу, чалавек. Табе яна ўпадабалася, то ты бяры яе сабе на здароўе, але будзь ты чалавекам! Ты ведаеш, што ён напісаў ёй?

— Чула, — адказала жонка.

— А дзе ты чула?