Старонка:Зямля (1928).pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
XІІІ

І як гэта зноў усе зараз-жа ўсё ўведалі!? і якім гэта чынам маглі дазнацца, што было напісана ў тым лісьце, калі Ганна толькі і пачытала яго аднаму бацьку, а тады і ў хаце нікога ня было. І ня чытала нават усяго, а толькі ўрыўкі. А Юлік Барановіч — хіба калі каму што гаворыць пра свае сямейныя справы?

Перш за ўсё Сабастыяніха пачала шкадаваць, што гэтакая прыгожая і здольная дзяўчына гэтак непалюдзку замуж ідзе. Каморнік нават ня хоча, каб адбылася хоць якая-небудзь вясельная вячэра або абед з усімі сваякамі і сваячкамі, не гаворачы ўжо аб шлюбе ў царкве; што каморнік стараецца толькі як выхваціць Ганну з дому, каб яна больш сюды нават ніколі і ня глянула, каб адцуралася бацькоў, братоў, усіх родных, каб выраклася бога. ўсё затым, што ненавідзіць, чамусьці, каморнік самога Юліка Барановіча. (О, гэты дык зяць!) і яшчэ вядома было Сабастыянісе, што каморнік пісаў Ганьне ў тым лісьце, каб яна нічога з дому ня брала, барані божа, каб нічога! Нават калі маці будзе даваць падушкі, дык каб узяла адну, ня больш. Бо, кажа, ён, што ў яго для Ганны знойдуцца і падушкі, і ўсё іншае, чаго нават дома ў свайго бацькі яна і ня сьніла. І што ён яе будзе на руках насіць, што яна будзе за ім панаваць, што ён не дазволіць на яе ветру павеяць. Але ўсё гэта будзе толькі ў першыя часы, а пасьля раптам мінецца гэтае Ганьніна панаваньне. Бо цяперашнія шлюбы нямоцныя, бо каханьне адно ня трымае, надоўга ня зьвязвае людзей. Патрэбен бог і сумленьне. Закон патрэбен. Тады хоць і апрыкраюць адно аднаму, хоць і цяжка жыць разам, хоць і