Старонка:Зямля (1928).pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вуліца выбяжыць глядзець, як мы ад'яжджаем. Я думаў раней даць тэлеграму, каб ты выяжджала. Але я ведаю, што ня прыехаць ня можна. Папершае, у хаце ў вас будуць няпрыемнасьці, як гэта дачка ідзе замуж і маладога няма, сама да яго едзе. Падругое, можа нават цябе зусім з дому і ня пусьцілі-б так. Дык я прыступіў да працы ў зямельным аддзеле і адначасна падаў заяву, каб далі мне на двое сутак водпуск. Дык праз дзён пяць чакай мяне і сама рыхтуйся да выезду. Калі буду выяжджаць, паведамлю тэлеграмай.

Учора заходзіў да мяне Паўлік Кулікоўскі, той самы, з якім ты таксама, як і са мною, некалі бачылася ў горадзе некалькі разоў. Той, пра якога мы ўспаміналі раз, калі я жыў у вас. Ён гэтым летам ажаніўся, прывёз жонку з Менску. Мянчанка яна і родам. Прыгожая, але мне не падабаецца. Дык яна там служыла недзе, а тут не дае яму супакою, ня хоча жыць тут. Што гэта, кажа, за горад, усяго якіх-небудзь дваццаць вуліц і тыя амаль усе дзеравяныя. Грызе яго, каб стараўся перавесьціся ў Менск.

Я яшчэ больш цябе кахаю, калі само напрошваецца параўнаньне цябе з іншымі. Я памятаю, як ты муку сеяла і якая ты была ў тую хвіліну, калі я падышоў да цябе. Ты ўвесь час стаіш у мяне ў вачох, і я ўсё думаю пра цябе. Як у якім тумане. З тых дзён, калі выехаў ад вас, не магу ніяк сабраць думак, каб стала засесьці за работу. Калі ты прыедзеш, тады пачну працаваць над сваёй дыплёмкай. Цяпер пасьля зямельнага аддзелу спацырую каля свае кватэры па беразе рэчкі. На другім беразе стукае і шуміць новая электростанцыя, тут-жа бераг пусты і вада халодная. Сіняя вада і глыбокая. І я рад, што ў гэтым акруговым