Старонка:Зямля (1928).pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юзік кінуў тупіцу пад паветку і засьпяваў. Юрка падсьвістваў:

Ой у полі-полі
Карчомка стаяла.

Пасьля удвох разам:

Трай-рай-рата-тай,
Карчомка стаяла.

Пасьля зноў Юрка падсьвістваў Юзіку:

А у тэй карчомцы
Пілі два уланы...

— Юзік, што гэта за ўланы?

— Салдаты гэтакія.

— А-а, салдаты!? Ведаеш што!

— Ну што?

— Мусіць, наш конь зараз здохне.

— Чаму?

— Бо ўжо зусім нічога ня есьць. Адно ўсё галавой аб жолаб трэцца.

— Чаго-ж ён трэцца?

— Я ня ведаю. Мусіць, гэта яму сьвярбіць ці што.

— У яго ўжо зубоў, мусіць, няма.

— Няма. Пазьядаў.

— Хадзем паглядзім вашага каня.

— Хадзем.

Сівер шумеў у дварэ саломаю, кудлачыў шэрсьць на рыжым сабаку.

— Гэта, Юрка, ваш сабака?

— Наш.

— Дзе-ж вы дасталі?

— Гэта я яго з-пад разьніцы прывабіў. Тата раней крычаў, а цяпер не. Я яго картопляю падкормліваю трохі. А рэшту — ён сам жывіцца.