Старонка:Зямля (1928).pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна ўсё падбірала пад грэбень валасы. Ціха было вакол. І слаўна было ім удваіх у гэтай цішыні.

X

Вецер зганяў пакурчаныя лісткі з дрэваў — чорныя, апошнія. Дзьмуў сіверам з сініх палёў. На картапляніку ў зацішку маўчалі сабакі, коні пасталі на сена.

Пад вечар Юзік вучыўся калоць дровы. Юрка стаяў каля яго, залажыўшы рукі ў кішэні.

— Дай я папробую.

— Ты ня ўмееш.

— Лепш яшчэ за цябе. Я дома заўсёды калю.

— Пачакай я захвочуся.

— Чаму ты тупіцаю колеш?

— Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена расьсяку сабе.

— Вельмі-ж баязьлівы нешта твой тата. Думае, што ты гэтакі няўдалы.

— Не, ён ня думае... Ой, утаміўся... Ты ўрокі ўжо выўчыў?

— Не.

— І я не. Буду вечарам. Вельмі-ж гэтая матэматыка, каб яна згарэла. Гадасьць нейкая. Цяжка вельмі.

— А мне-ж задачы, дык нічога.

— Уй, нічога! А ўчора дык і не рашыў, як настаўнік пад дошку выклікаў.

— Чаму гэта не рашыў?

— Бо і не.

— А от і рашыў. Гэта адно, што крэйда брыдкая, дык напісалася было нядобра, прачытаць цяжка было, дык я і не адказаў добра.