Старонка:Зямля (1928).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

памагаў ёй цадзіць малако, жартаўліва памагаў ёй і мацеры шаткаваць капусту, і сваёю дасьціпнасьцю ўсё больш падабаўся ёй і засланяў сабою Алеся. Яна менш нейк пачала гаварыць цяпер у хаце аб усялякіх хатніх справах. У гэты дзень, раніцою, маці заўважыла гэта:

— Што ты ўсё маўчыш... Нейкая ты маўклівая зрабілася...

— Чаму маўклівая... а што-ж гаварыць...

Яна адышлася ад стала, на якім перабірала фасолю і глянула як-бы ненаўмысьля ў хату з кухні. Спаткалася з яго вачыма і абое яны няпрыкметна ўсьміхнуліся адно аднаму.

Нядобра было ім абодвым маўчаць так і стаяць тут цяпер пасярод вуліцы, напроці Барановічавае хаты. Адзін аднаго бачылі і адчувалі навылет.

Каморнік тут, на вуліцы, ад усяго вакольнага вызначаўся сваім выглядам. І выцерты, і запылены гарнітур яго заставаўся ўсё-ж зграбным; і дасьціпным быў ён сам. Стаяў, зрэдку паглядаў на гетры, перацягненыя рамянямі і ня ведаў што сказаць, каб толькі перарваць гэтую маўчанку. Алесь напроці яго здаваўся нязграбным, у вялікіх ботах, картовым, парыжэлым гарнітуры. Твар быў абветраны і загарэлы таксама, але ня было на ім сьлядоў таго догляду, што вызначае твар чалавека, які мае час клапаціцца аб сваёй прыгожасьці. І от патроху Алесю пачала падабацца гэтая маўчанка. Ён бачыў, што каморнік ня ведае, як-бы найхутчэй разьвіТацца з імі і пайсьці на сваю кватэру. Як-бы гэта адчуў Алесь яго слабейшым за сябе і сказаў:

— Пачакаем мужчын, унь засталіся ў канцы вуліцы. Няхай падыдуць, я пайду з імі разам... Пачакайма.