Старонка:Зямля (1928).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля, як Тамаш мінуў яго, ён паставіў мяшок ня зямлю, падапёр яго каленам, высмаркаў і сказаў:

— Каб цябе чэрві, бог даў, елі гэтакага чалавека, як ты гэтага алею не наеўся за ўвесь свой век. Па рублю з хаты, жартачкі!

І, увайшоўшы ў свой двор, яшчэ паглядзеў, як Тамаш, далёка ўжо, ішоў вуліцаю, у такт крокам варушачы шырокімі плячыма сваімі.

Пачынаўся вечар. Тамаш пашоў у прыгрэбку да цямна ўсьпеў яшчэ павысыпаць з мяшкоў пограб бульбу. Змрокам ужо вышаў ён за гумно на агароды, пазабіраць калкі з разгароджанага плоту. Ледзьве прыметная плынь паветра з паплавоў абвеяла яго лёгкім холадам. Ён скінуў шапку і правёў пальцамі ў густых валасох сваіх. Моцна харкаючы і адплёўваючыся, пашоў назад. Галава пакінула балець і сплываў цяжкі настрой, што быў днём. Балелі ногі, трохі муляўся ў пальцы левы бот, але ўсё адчувалася лёгкім. І ўжо ня думалася аб сваёй старасьці.

— Дзе гэта калкі з-за гумна падзяваліся? — запытаў сына, уваходзячы ў адчыненыя сенцы.

— Я ў прыгрэбку пазносіў, — адказаў той панурым басам і падцягнуў угару высокія халявы ботаў, стараючыся, яны каб былі вышэй кален. Халявы зараз-жа зноў аб'ехалі ўніз.

— Куды-б тут пайсьці, хіба да Алеся, — сказаў Тамаш, калі павячэраў.

— Знайшоў таварыша, — адказала нявестка, — да Алеся ён пойдзе. Патрэбен ты Алесю. Той да дзяўчат пэўна недзе пашоў. Будзе цяпер Алесь дома сядзець!.. Да Алеся ён пойдзе!

— Ты мне ня ўкажаш куды ісьці, — абазваўся Тамаш.