Старонка:Зямля (1928).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
XV.

Уночы конь вельмі чухаўся аб сьцяну і моцна грукаў нечым на ўвесь хлеў. Аж у хаце чуваць было Мацьвею ня спалася. Кагадзе ён даваў Наталі малако і пасьля таго ніяк ня мог заснуць. Варочаўся на сьвежым сяньніку і прыслухоўваўся да стуку ў хляве.

Месяц быў поўны і белы, дзьве лапіны сьвятла яго ляжалі ад вокан на зямлі, і ў хаце быў белы змрок.

Наталя была зусім слабаю; трэці ўжо дзень ёй было ўсё горш.

Юрка з Мікалаем спалі ў каморы разам.

Наталя застагнала, у хляве застукала мацней. Мацьвей устаў, ускінуў на плечы сьвітку і вышаў на двор. Маўчалі грушы каля суседняе сьцяны, пахла над імі вялая трава. Мацьвей увайшоў у цёмны хлеў і вобмацкам знайшоў каня. Конь усё дзёрся шыяю аб сьцяну і жолаб.

— Мала яшчэ, дык от кароста, мусіць, напала, — сказаў моцна Мацьвей, — і так падла была здохлая.

Пастаяўшы так трохі, ён пашоў назад і ўжо ў сенцах пачуў, як варушылася Наталя на сяньніку.

— Можа трэба што? — запытаў ён панурым голасам.

Ніхто нічога не адказаў.

— Наталя!

І ён запаліў газоўку. Падышоў да жонкі — яна выцягнулася ўся, шырока глядзела ў сьцяну над печаю, і рот у яе быў так, як ніколі, разяўлены.

Мацьвей зразу не зразумеў, пасьля-ж кінуўся да стала запальваць лямпу. І пакуль запаліў, Наталя захрапла разоў тры, і вельмі хутка кончылася. Мацьвей моцна застагнаў; на печы заварушыліся дзеці, тады ён раптам уцяміў усё становішча рэчаў;