Старонка:Зямля (1928).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на полі. Юрка гробся ў зямлі побач з ёю. Гаварылася нейк мала. Мацьвей моцна крычаў на каня, які ня мог браць цяжкіх вазоў.

Пыл узнімаўся на прысохлай ральлі. Пылелі-ж і дарогі. І шумелі кусты.

Бульба была выбрана ў канцы другога тыдня. Надвор'е не зьмянілася. Здароўе-ж Мацьвеіхі пагоршылася.

Мікалай крываносы, прыходзячы вечарам з падзённае работы, гаварыў:

— Ня варта было табе, Наталя, на поле езьдзіць. Выбралі-б гэтую бульбу і без цябе. Што ты, Мацьвей, за чалавек. Каменнае сэрца ў цябе, халера цябе ведае. Дапраўды.

Мацьвей пачухаў шыю.

— Я і сам ня ведаю, што мне рабіць.

— От як прыдзе бяда, тады наўчыць, што табе рабіць.

— Добра...

— Што добра... Да чаго ты гэта дапускаеш.

— Я-ж кажу, што добра... Кончана. Цяпер няхай ляжыць, няхай нічога ня робіць.

Мікалай яшчэ нешта гаварыў, але Мацьвей, каб ня чуць і каб забыцца на ўсё гэта, узяўся на дварэ за нейкую работу.

З таго дня Наталя ляжала. Дзень было ёй лепш, дзень было горш. І ўвесь час пагодлівым стаяла надвор'е. Пасьля некалькі дзён засаб было ёй горш.

— Ну, як вам? — пытаўся Юрка, даючы ёй адвараную бульбу, хлеб і паранае малако ў шклянцы.

— Мне добра, неўзабаве папраўлюся.

Юрка бег гуляць на вуліцу. Работы цяпер было яму менш. Ночы былі месячныя. У белай віднаце маўчала і пахла ўсё. І ўсё клікала радавацца ды жыць.