Старонка:Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усё гэта шчэзла. «У часе апошняга пагрому, яны быццам былі змыты з аблічча зямлі, іх як-бы зьмяла нейкая нявідная рука…», пісаў адзін староньні сьветка просьле паўстанскіх падзеяў, якому давялося быць у тыя часы ў Вільні» (122).

Лік расійскага войска ў Беларусі павялічыўся просьле паўстаньня да надзвычайных памераў. Войска мела русыфікацыйны ўплыў на жыхарства (128).

Аўтар апісуе поўны ўпадак гаспадарскі (б. 134–138) й культурны краю (139–141). «Гэткай была Беларусь просьле паўстаньня ў 70-х і пачатку 80-х год», калі ў ёй пачало абуджацца сьведам’е свае нацыянальна-культурнае апрычонасьці і калі паралельна гэтаму разьвівалася дзейнасьць ідэялёга «западно-руссизма» — М. Каяловіча» (141).

У разьдзеле V свае працы, надрукаваным у № 4 «Полымя» з 1928 г. (б. 113–145), аўтар разглядае «Пагляды й дзейнасьць М. Каяловіча».

Каяловіч займае цэнтральнае месца ў «западно-русской» школе. «Толькі дзякуючы Каяловічу школа «западно-руссов» адзержыла сваё канчальнае ідэллягічнае афармленьне» (113). Аўтар падаець жыцьцяпіс Каяловіча, разглядае ягоную ідэялёгію а дзеяльнасьць і зьясьняе прычыны, чаму гэты чалавек, непадобны да моральна нізкога Гаворскага, мог стацца рэнэгатам і зраднікам свайго народу на карысьць Масквы. Прычынаў было колькі, павязаных міжсобку. Першай прычынаю было незнацьцё некатарымі Беларусамі Расійцаў, як народу, і няведаньне гістарычных дачыненьняў Масквы да Беларусі. Пры быцьцю гэтае акалічнасьці ды адначасна пры ненавісьці да Польшчы і баязьні яе, даная Расіяй дзеля сваіх егаістычных мэтаў некатарая помач праваслаўю ў Беларусі, яшчэ за беларуска-польскай Рэчыпаспалітай у ХVIII стг., кідала некатарых незаднаважаных людзёў у вабыймы расійскія. У такой радзіме (сям’і) вырас Каяловіч (115, 116). Ягонаму зрадніцтву прыяла яшчэ тое, што ён утажсамляў рэлігію з нацыянальнасьцяй (138). «Адзіная вера — магла пакрываць рознасьць нацыянальнасьці», кажа ягоны біяграф І. Філевіч (119). Ягоныя навуковыя працы таксама мелі аднабокі характар — ён працаваў над гісторыяй рэлігійнае вуніі ў Беларусі, што адказавала ягонай навуковай прыгатове, як гадунца праваслаўнай духоўнай акадэміі. Але і ў сваім дасьледаваньню гісторыі вуніі ён ня даў «зьясьненьня агульна-гісторычных а сацыяльных умоваў зьяўленьня вуніі, якія былі праведзеныя ў пазьнейшых больш бесстароньніх працах» (120).

Дарма, што Каяловіч быў адданы расійскай справе, ён нат на сабе дазнаў дачыненьне Расійцаў да Беларусаў. «З гледзішча Мураўёва — сьцьвярджае аўтар — усе мясцовыя людзі былі падазроныя за поланізм, незалежна ад таго, ці былі яны каталікамі, ці праваслаўнымі; розьніца паміж Палякамі і «западноруссамі», а тым болыш Беларусамі, — была, подле перакананьня Мураўёва, зусім невялічкая. Ягоным даверам карысталіся толькі карэнныя Вялікаросы, толькі «истинно-русские люди». Усё, што ня было «истинно-русским», з цэнтральных вялікарускіх губэрняў, усё, на чым ляжала пячатка туташнясьці, мясцовай гісторыі а культуры, — усё гэта выглядала ў ваччу Мураўёва «палякуючым» а «лацінствуючым» (133).

З гледзішча нацыянальнага аўтар даець гэткую канчальную характарыстыку Каяловіча: «Каяловіч змагаўся проці фэдэрацыйнага прынцыпу, але разам із тым вызнаваў яго рацыю; змагаўся за адзінства Расіі із «Западной Русью», але разам із тым высака цаніў гістарычную апрычонасьць Беларусі. Іншымі словамі ён стаяў у сваіх канчальных разважаньнях на ўзьмежку таго, што мы завем этнаграфізмам і нацыяналізмам. Ён рупна адхрышчаваўся ад небясьпечнасьці пераходу першае стадыі ўсьведамленьня ў другую, — баяўся, галоўнае, жаб гэты пераход ня быў скарыстаны Польшчай» (114). Выглядае, што Цьвікевіч не цацкаецца з Каяловічам, хочучы знайсьці ў ім штось пазытыўнае, прымеж таго гэта тыповы, здольны янычар.

«Западно-руссизм‘ у ідэялагічным афармленьню» ёсьць назоў VІ разьдзелу працы аўтаравае, надрукаванага ў № 7 «Полымя» 1928 г. (б. 131–143). У гэтай часьці свае працы аўтар разглядае беларускі адраджэнскі рух 70-х а 80-х год ХІХ стг. і працілежную яму русыфікацыйную дзейнасьць «западно- руссов» на чале з Каяловічам.

У 70-х гадох пачалася літаратурная дзеяльнасьць Пранціша Багушэвіча, бацькі беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэтым-жа часе зьяўляюцца такія беларускія навуковыя дзеячы-патрыёты, як Іван Насовіч, аўтар вялікага слоўніка Беларускае мовы. «80-ыя гады адзначаюцца шпаркім развоям беларускае этнаграфіі і павялічанай зацікаўленасьцю да беларускае народнасьці, як аб’екту навуковага вывучэньня» (136). У Менску з 1887 г. дзее грудок інтэлігентаў адданых беларускай справе (паэта Іван Няслухоўскі, Ал. Слупскі, будучы гісторык М. Даўнар-Запольскі). Група студэнтаў выдаець часапіс «Гоман» з дамаганьнем аўтаноміі Беларусі (137).

Ня толькі ў закліках беларускіх фэдэралістых веяла «духам сэпаратызму», але адусюль. «Дух сэпаратызму» дзьмуў навет із салідных навуковых выданьняў, больш таго — аб ім разважалі ў беларускіх царкоўных брацтвах. Тое, аб чым так рупіўся Каяловіч перад паўстаньнем і падчас яго, «каб мясцовая партыя», альбо «партыя лепшых польскіх людзёў» у Бела-