Старонка:Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Замест перадмовы

Гэтта паданы разгляд Др. Я.Станкевіча дзьвюх працаў, каторых тэмаю ёсьць русыфікацыя Беларусі. Праца А.Пушкарэвіча беларускім чытаром мала прыступная, а другая вялікая(340 бач.) праца Александры Цьвікевіча зусім няпрыступная; часьць яе была надрукаваная ў менскім часапісе “Полымя”, а цэласьць вышла ў 1929 годзе ў Менску асобнай кнігаю пад назовам ”Западно-руссизм”. Кніга, адразу па надрукаваньню, была сканфіскаваная і цяпер ёсьць вялікай рэдкасьцяй. Аўтар гэтага разгляду дзякуе сп. В. С. за пазычэньне яе.

Аўтар кнігі, Аляксандра Цьвікевіч паходзе зь Берасьця(на Палесьсю). У трыццатых гадох ён быў арыштаваны расійскімі камуністымі, і, відавочна, замучаны, бо нямаш празь яго цяпер ніякіх ведамкаў. Апошнія ведамкі праз А. Цьвікевіча падаў Масей Сяднёў у сваіх успамінах із савецкай турмы.

Абедзьве разгледжаныя працы не абыймаюць цэласьці русыфікацыі Беларусі, але гэтую цалосьць характарызуюць і падаюць супоўны зыркі абраз часьці яе.


І

А. ПУШКАРЕВІЧ:

ПРЕОБРАЗОВАНИЕ ДУХА НАРОДНОСТИ

(Эпизод из истории руссификации Белоруссии). Известия Академии Наук СССР, 1932 г., № 1. Отделение общественных наук, бач. 15-32).

Дасьледваны аўтарам эпізод ізь гісторыі русыфікацыі Беларусі ўзяты з 30-х год ХІХ стагодзьдзя (просьле паўстаньня 1830-31 гг.). Датыкаецца ён тае часьці Беларусі, што была забраная Расіяй трыма падзеламі — 1772, 1793 і 1795 гг., эпізод вельмі выразьлівы а шырокі.

На пачатку аўтар сьцьвярджае, што формула Пушкінава «Славянскія ручаі выльлюцца ў расейскім мору» сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расійскага грамадзтва ў пытаньню славянскім (б. 16).