Старонка:Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шую пару была немагчымая. «Западно-русские» дэлегацыі ў васобах Кавалюкоў, Уруцэвічаў, Саланевічаў і К-о, пачынаюць зьяўляцца ў пецярбурскіх салёнах, у габінэтах міністраў, на прыймох самога цара…» (304).

Каб здабыць прыхільнасьць сялянства да акцыі «западно-руссов», ім дазволена было ў сваім друку дамагацца сялянам зямлі і крытыкаваць урад. Але не цара. Наадварот, яны выказавалі пэўнасьць, што цар учыніць досыць патрэбам беларускага сялянства ў зямлі. Адначасна яны заяўлялі, што беларускі селянін хоча зямлі, але ня волі. Менаваныя дамаганьні а спадзевы ня былі шчырыя і дзеля таго, дарма што яны ані ня былі спаўняныя, «западно-руссы» не зьмянілі сваіх дачыненьняў да Расіі.

Расійская дэмакратыя «рэдка выступала на абарону ўцісьненых народаў, але яшчэ радзей выкрывала яна свае сымпатыі да ўціску. Перасьледаваць нацыянальныя рухі ўважалі за прэрагатыву ўлады і правыя ўрадовых партыяў, — дэмакратычна-буржуазнае грамадзтва ўважала за лепшае сабе ў гэтай дражлівай справе маўчаць» (333). Але ў 1911-12 гг. гэтую тактыку ўзрушыў прадстаўнік т. зв. левае расійскае інтэлігенцыі, найвыдатнейшы расійскі публіцысты, Пётра Струвэ. Ён выступіў у «Русской мысли» із заклікам да расійскага прагрэсыўнага грамадзтва стаць на станаўкое змаганьне з нацыянальнымі рухамі, асабліва з рухам беларускім а ўкраінскім (333). Гэткім парадкам усе Расійцы адкрыта выступілі суцэльным фронтам супроці Беларусаў.

Другой розьніцаю ад часоў папярэдніх у дзейнасьці «западно-руссов» гэтае пары было тое, што ім цяпер мала даводзілася ходацца з польшчынаю, але блізу вылучна зь беларускім адраджэнскім рухам. У сваіх статутах арганізацыі «западно-руссов» мелі бодкі сачыць за «белорусинством». Аўтар апісуе развой беларускага руху, пачынаючы ад 70-ых год. Ён кажа, што з паміж праваслаўнага сялянства адраджэнскім рухам беларускім праціналіся найперш тыя, што канчалі вучыцельскія сэмінары; з другога боку, да руху беларускага прыходзіла дробная беларуская каталіцкая шляхта, да чаго трэ’ было-б дадаць, што й каталіцкае сялянства, асабліва канчаючы вышшую за пачатную школу. Хіба дзеля бальшавікоў аўтар піша, што рух беларускі меў наўвеце бяднейшае сялянства (309), бо запраўды адраджэнцы беларускія хацелі абняць усіх чыста Беларусаў, праўда, галоўную ўвагу яны зварачалі на сялянства, як на найчысьленшую часьць народу ды найляпей этнаграфічна захавалую, але не рабілі розьніцы з прычыны маемаснага стану сялян. І ідэя беларускага нацыянальнага адраджэньня аднолькава пашыралася як паміж бедных, так і дастатных сялян.

«Барацьба (беларускіх адраджэнцаў із «западно-руссами») пачалася па ўсіх кірунках і ў усіх мамэнтах жыцьця: у прэсе, у грамадзкіх арганізацыях, у школе, у сям’і. «Западно-руссизм» карыстаўся ў гэтай барацьбе ўсімі сяродкамі, што былі пад яго загадам: з царкоўнага амбону, з прафэсарскай катэдры, цераз паліцыю а суд, церазь безьліч афіцыяльных выданьняў, цераз «брацкія» лісткі і школьныя падручнікі, — усюды йшла прапаганда таго, што беларускі нацыянальны рух — «польская інтрыга», выдумка варагоў Расіі, што ідэя адраджэньня беларускай культуры ёсьць плод цёмнага розуму, які хоча загнаць Беларусь у процьму няпісьменнасьці й асталасьці.

«І ўсё-ж, дарма што была сіла паліцэйскага ўціску і «культурнасьць» пануючых, «западно-руссы» не маглі пахваліцца перамогаю: беларускі нацыянальны рух перасьледаваны, урадова зганены, да сьмешнага бедны на матар’яльныя сяродкі, памалу, але нямінуча пашыраўся й захапляў усё новыя пазыцыі» (329–30).

«Некаторыя з прадстаўнікоў «западно-русской» школы як-бы адчувалі яе блізкі канец і слабасьць… Так, прыкладам, Сапуноў, чытаючы ў Віцебскай навуковай архіўнай камісіі чытані на тэму: «Белоруссия и белоруссы», заклікаў Беларусь да самавызначэньня, да нацыянальнага ўсьведамленьня, да новай «адраджонай будучыні, якая ў руках самых Беларусаў»… Раманаў, даведаўшыся пра залажэньне сярод пецярбурскага студэнцтва «Беларускага навукова-літаратурнага грудка, і вітаючы ягоных ініцыятараў, як «плямя маладое, незнаёмае, але роднае», заклікаў «найперш ратаваць творы душы роднага народу, якія гінуць што дня па ўсёй лініі». «Няўжо-ж мы ўжо горш людзей», пытаецца пабеларуску Раманаў у студэнтаў… Яшчэ болыш рэльефна праявілася набліжэньне Раманава да беларускасьці ў ягонай адозьве пра «Беларускую дудку» Багушэвічаву. У тым часе, як Карскі ўбачыў у творчасьці Багушэвічавай «трапную праклямацыю ў лацінскім духу зь бязумоўнай мэтаю «вызваць смуту в русском семействе», — Раманаў знайшоў у ёй зьяву, якую ня можна абысьці. «У сьведам’ю свае сілы, — пісаў ён, — мы павінны памагчы беларускай літаратуры разьвівацца, павінны падзьдзержаваць слабых і хісьлявых.» Славутую «Перадмову» Багушэвічаву, дзе аўтар заклікаў Беларусаў не забывацца свае мовы — адзежы душы, — Раманаў завець «цёплай» і ставіцца, як відаць, да яе з магчымай прыхільнасьцю» (330–331).

Я. Станкевіч.