Старонка:Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Але шмат чаго яшчэ ня позна паправіць. Пажадана, каб асновы абрусеньня былі праведзеныя бяз жадных адхінаў. Трэба, каб і сярэднія ўрады замяшчаліся асобамі чыста расійскага паходжаньня праваслаўнае веры… Пажадана, каб прыяжджомыя расійскія ўраднікі не зрасталіся зь мясцовасьцю, не абарачаліся ў паноў, працятых вылучна мясцовымі інтарэсамі. Служба кажнага Расійца ў заходніх губэрнях павінна быць абмежана сяма, асьма, найбольш дзесяцьма гадамі. Сьвятары, дзякі, вучыцялі гімназіяў ды іншых установаў павінны быць прызначаныя з урадзімцаў нутраных губэрняў, чыста расійскага паходжаньня. Стыль цэркваў павінен быць расійскі» (276–277).

«Урадовы Пецярбург — кажа аўтар — зусім згаджаўся із салаўёўскай пастановаю справы: мясцовым урадзімцам было забаронена займаць пасады (найперш у васьвеце) вышэй 5-ае клясы, а па службе праваслаўнае веры, — вышэй сьвятара. Было прынята за правіла — усіх канчаючых духоўныя сэмінары ў Беларусі, пасылаць на прыходы да цэнтральных расійскіх губэрняў. Стары Каяловіч расказаваў ў «Епархіяльных ведамасьцях» пра гэта цікавыя рэчы: «Цяпер — пісаў ён (1881–82 гг.) — у Заходняй Расіі ўсе архіпастыры з нутраных губэрняў. Прызначэньне ў Заходнюю Расію кажнага з гэтых архірэяў выклікае просьбы пра службу з боку іхных родных, родзічаў. Няма жыцьця ад гэтых просьбаў. Некаторыя выклікаюць сюды сваіх родзічаў подля прынцыпу, каб больш дасьпешна русыфікаваць гэты край. Добрыя людзі сярод іх лучаюць адзінкамі. Бальшыня — «искатели счастья». Наадварот, «западно-руссы», што канчаюць духоўныя акадэміі, бадзяюцца па ўсёй Расіі. Я асабіста мог-бы скласьці вельмі ладнае сьпісаньне маіх студэнтаў, «западноруссов», якім я памагаў гатавацца да служэньня на бацькаўшчыне і якія раськідаліся па такіх мясцох, дзе не маглі знайсьці магчымасьці ўжыць сваю «западно-русскую» веду — у Ніжні Ноўгарад, Астрахань, Кішанёў» (277–78).

Менаваная праграма была прынятая ўрадам (279).

Наапошку, з боку расійскага быў высунены плян падзяліцца Беларусяй із Палякамі і, такім парадкам, зь імі пагадзіцца, бо польскія (запраўды спалячаныя) паны ў Беларусі былі расійскаму дваранстаў мільшыя, чымся Беларусы, у тым ліку і «западно-руссы» (281–284).

У тым-жа часе — дзеля апраўданьня нішчэньня Беларусаў — у расійскай літаратуры была пашыраная хвальшывая характарыстыка Беларусаў, як народу недалужнага, кволага. Адылі, пасьлей, Южакоў, галоўны аўтар пляну збліжэньня з Палякамі беларускім коштам, мусіў прызнаць (у 1907 г.), што «Ранейшае прадстаўленьне пра Беларусаў, як пра плямя нізкога росту й слабое аказалася няверным. У бальшыні яны фізычна складзеныя вельмі добра, маюць рост вышэй сярэдняга, жыцьцявы індэкс перавышае 50 прац. і сьветча пра фізычную крапчыню» (Большая Энциклопедия, выд. 1908 г., т. ІV — рэдактар С. Южаков).

«Западно-руссизм» пры канцу веку не тварыў азначанае краёвае партыі, не намагаўся яе стварыць. Вонкавае праяўленьне яго ў Беларусі ў гэтыя гады было дваістае: з аднаго боку да ягоных радоў належыла вялізная армія дробных ураднікаў-русыфікатараў, якія жылі адзіным жаданьнем захаваць сваё службовае месца і не пярэчыць «видам начальства»; з другога боку — невялічкі лік грудкоў «западно-русских» культурнікаў у беларускай правінцыі (у сталічнай Вільні да іх расійская адміністрацыя блага ставілася (287), якія працягавалі традыцыі Каяловічавы» (288). Сярод іх некаторыя збліжаліся да беларускага нацыянальнага сьведам’я. Гэтак «У вабарону сваю «западно-руссы» прывялі даволі аргумэнтаў. Формуляваныя яны былі віцебскім грудком, што складаўся каля Сапунова. Адказаць на выступленьні Южаковаў, Салаўёваў і К-о паручылі Стукалічу, што быў здольны да публіцыстыкі. «Із статыстычнымі данымі ў руках давялі мы тады, — разказаваў Стукаліч, — што як толькі Беларусы адзержылі свабоду ад польскае няволі і больш-менш дастатныя надзелы зямлі, на працягу апошняй чэцьверці веку праявіўся вылучны рост дабрабыту краю, і Беларусь у ўсіх дачыненьнях далёка пакінула за сабой усход, цэнтр і паўдня Расіі»… Аўтар захоплены Беларусьсю, ён любе яе ўсім сваім «западно-русским» пачуцьцём і хоча гэтую любоў перадаць «старшаму брату», хоча пераканаць яго ў харашыні беларускае прыроды, у прыродных багацьцях краю, у гістарычнай важнасьці беларускага народу, у ягонай культурнасьці і сьветлым нацыянальным характару. Ніколі так выразьліва не праяўляўся мясцовы «западно-русский» патрыятызм, як у даным прыпадку, калі яму прыходзіласа бараніцца ад свае-ж «пабратымчай Масквы». «Усяго мы тут знойдзем… і натуральныя багацьці яе, — лес, рыба, лён, пянька ды інш. ідуць на сталічныя й загранічныя рынкі, рупатлівыя вывучэньні мясцовае археалёгіі, гісторыі й этнаграфіі адкрылі запраўдную фізыяномію мінуласьці Беларусі, багатую драматычнымі эпізодамі; гісторыя Беларусі — выняткавая багацьцем матар’ялу раманістым, прырода Беларусі — нічым ня ўступае прыродзе Швайцарыі, Італіі, Гішпаніі а