Старонка:Зьезд беларускіх нацыянальных організацый.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рэальных сіл, што меліся ў той час у зьезду і, наогул, у беларускай грамадзкасьці! Узяць да прыкладу комісію друку; гэтая комісія прыняла пастанову аб выданьні газэты, аб выданьні брошур агітацыйнага харак­тару, чамусьці яшчэ—бібліографічнага слоўніку. Тымчасам, нідзе не прад­бачылася дастаць ніякіх грошай. Благія парываньні! Улічыў іх даклад­чык грашовае комісіі, т. Э. Будзька, які пры дакладзе ўнёс у грашовы фонд 2.000 руб. Не сваіх, пэўна, а вылучаных з бежанскага комітэту.

Усе пастановы, прынятыя зьездам, патрабавалі вельмі многа працы і сіл, каб іх правясьці ў жыцьцё. Большасьць гэтых пастаноў датыркала організацыйна-практычных пытаньняў, далёка стаяўшых ад рэальных мажлівасьцяй свайго ажыцьцяўленьня. Многа з іх было наіўных, як гэткі, на­прыклад, пункт у рэзолюцыі грашовай комісіі: „Стварыць аддзел для організацыі беларускага нацыянальнага банку". А дзеля таго, каб зьберагчы грошы „комітэт павінен залажыць друкарню, а таксама тэатр"[1].

Земская комісія насьпех злажыла рэзолюцыю аб „рэорганізацыі земскага самаўпраўленьня". Дакладчык згадзіўся, што ўсё гэта зроблена „на скорую руку". І сапраўды, было зроблена так. Ды каб добра было ўсё вылажана і абмяркована, час не казаў аб тэрміновасьці гэтага пы­таньня... Выключна больш-менш рэальна можна было правясьці (і пасьля правялася) у жыцьцё рэзолюцыю аб стварэньні Нацыянальнага Комітэту. Але і тут пажаданьні далёка разыходзіліся з рачаіснасьцю. Ускладзеныя на комітэт абавязкі „організаваць Беларусь у контакце з часовым ура­дам" і „падгатаваць выбары ў Беларускую Краёвую Раду"—не маглі быць выкананы. Але аб гэтым ня думалі, выбіраючы Комітэт з 18 асоб. У склад Комітэту ўвашло больш паловы сяброў Беларускае Сацыяліс­тычнае Грамады. Вялікая большасьць комітэтчыкаў жыла па-за Менскам і не магла прымаць удзелу ў працы Комітэту. Загэтым быў выбраны прэзыдыум з 5 асоб, які, застаючыся ў Менску, мусіў павясьці комітэцкую працу.

Як і што ішла яго праца—гэта патрабуе сталага разгляду і асобнага нарысу. А тут, даючы нарыс першага беларускага зьезду, мы мусім адмеціць, што сам па сабе Нацыянальны Беларускі Комітэт, як скутак гэтага зьезду, займае значнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху. Ён адыграў значную ролю і зрабіў-бы шмат большую работу, каб на чале яго ня стаў Скірмунт. Гэтая фігура, далёка не ад­павядаючая сутнасьці беларускага руху, які выключна грунтаваўся на беларускіх працоўных масах, унясла сабою сумную старонку ў гісторыю яго разьвіцьця.

  1. Протокол зьезду беларускіх нацыянальных організацый у Менску з 25 па 27 крас. 1917 г.