Старонка:Зьезд беларускіх нацыянальных організацый.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кчаецца Камісарыят Земляробства. Настрой дэлегатаў быў няўмеру пад­няты. Агромністая большасьць іх складалася з старых працаўнікоў і многа пацярпеўшых за беларускую культурна-нацыянальную справу і за­раз пачуўшых блізасьць ажыцьцяўленьня сваіх ідэй вольнай Беларусі. Нацыянальнае пачуцьцё ў іх прэваліравала над іншым. Было-ж некалькі і гэткіх дэлегатаў, якія лічылі сябе беларусамі, але пазіралі ў бок саланевіцкае ідэі, падхварбаванай момантам. Ужо ў гутарках „кулуарных" можна было чуць ціхія кпіны з беларускае мовы, наогул, з усяе справы і больш сьмялей— „навуковыя" супярэчаньні соцыяльнай неабходнасьці нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Аднак, момант вымагаў з сабою лічыцца: як-ні-як, усё-ткі разбурылася турма народаў—царская Расія.

Адчыненьне зьезду а 7 гадзіне ў вечары прашло ўрачыста: быў выбраны прэзыдыум з трох чалавек: старшыня д-р Кастравіцкі, яго та­варышамі—Мятлін і Аляксюк. Апошні прачытаў прывітальныя тэлеграмы ад розных організацый і асоб, і пасьля пачаліся прывітаньні зьезду. Першым прывітаў старшыня комітэту „пропаганды асноваў новага грамадзянскага ладу" д-р Морзон; далей па парадку віталі: Кахановіч— ад гуртка магілёўскіх беларусаў, ад пецярбурскіх студэнтаў—Каравайчык, ад пецярбурскіх чыгуначнікаў і паштавікоў беларусаў—А. Адамовіч і інш.

Пасьля прывітаньняў пачаліся даклады з месцаў. Гаварылі: Фальскі, Э. Будзька, Парэчын-Кузьміцкі. П. Аляксюк сказаў прамову, чапіўшы гістарычнага лёсу Беларусі. Выхваліў бывалашніну, князёўства, чапіў га­доў вайны. Прамоўца ён, да рэчы, дужа здатны і красамоўны, чаму захапіў зьезд сваёю прамоваю і яшчэ больш падняў настрой. Заключныя словы яго: „Шчасьце цяпер у нашых руках і калі мы яго не здалеем узяць, то каб пасьля ня было позна". Гэта захапіла прысутных, якія ад­гукнуліся дружнымі воплескамі. Неяк шэра і суха паказалася чытаньне дэклярацый ад партый, якія тут-жа, перад зьездам, выявілі сябе і заявілі аб сваім існаваньні post faktum. Такіх нечаканых партый знашлося тры: Каталіцкая Дэмократычная Партыя, Народная Дэмократычная Партыя і непартыйная група. Дэклярацыі гэтых партый, вельмі слабых, прызнацца, насілі нявыразны характар, з эвангельскі-штодзеннымі патрабаваньнямі, як-то: „мэтай партыі—дабро народу, якога яна кліча да праўдзівай хрысьціянскай міласьці" (Кат. Дэм. Партыя); або—„найслаўнейшая мэта— прасьвета цёмнага народу" (Нар. Дэм. Партыя). Зрабіла ўражаньне, вы­ключна, дэклярацыя Сацыялістычнай Грамады, прачытаная Смолічам, у якой рашуча казалася, што „Грамада бароніць клясавыя інтарэсы працоўнай беднаты". Гэта празычэла зусім ня ў тон агульнаму настрою, які І ішоў пад знакам burg friden'у (грамадзкага замірэньня). Дапоўніў гэтыя ноты член рады рабочых дэпутатаў Кузьміцкі, які прызываў помніць тых, што гніюць у вакопах.

Гэткім чынам, уступная частка зьезду, здавалася, гладка скончыцца, і зьезд, намеціўшы працу назаўтрае, зачыніцца гэтак чынна, як і адчы