Старонка:Зьезд беларускіх нацыянальных організацый.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

25 сакавіка 1917 г.

З. Ж.

Лютаўскую рэволюцыю беларуская грамадзкая думка сустрэла зу­сім непадгатаваўшыся. Дзякуючы захапленьню немцамі Заходняе Бела­русі, да таго быўшы ядыны беларускі політычна-культурны цэнтр у Вільні разбурыўся. Частка дзеячоў засталася ў окупацыі, большасьць падзялі­лася па розных расійкіх гарадох (Пецярбург, Масква, Арол), невялікі лік затрымаўся ў незанятых немцамі беларускіх гарадох, як Менск, Ві­цебск, Магілёў. У кожным з адзначаных гарадоў беларуская праца гуртавалася выключна каля бежанскіх комітэтаў. Праца насіла выгляд культурна-організацыйны, часта прымаючы адбітак політычны. Сувязь між асобнымі пунктамі хоць і была, але ня трывалая; інформацыя аб ра­боце амаль ня кожнага комітэту была вядома ўсім. Партыйных адценьняў выразна не адзначалася, калі ня лічыць невялікага ліку сяброў, кеп­ска згуртаваных, Соцыялістычнай Грамады. Праўда, рэволюцыйныя павеі, у зьвязку з агульным станам у Расіі, мелі свой уплыў і на добрачынныя організацыі; беларускія комітэты дапамогі ахвярам вайны таксама ня чу­жыя былі да політыкі, але згуртаваныя вакол іх беларускія грамадзкія сілы ў большасьці не адчувалі надыходу лютаўскіх здарэньняў. Увогуле— тыя-ж самыя настроі, што і вакола, ува ўсім грамадзянстве, калі ня лі­чыць гострага хаценьня перамогі, немцам, якое не пакідала беларускіх кол увесь час.

Лютаўская рэволюцыя раптам заварушыла ўсіх і ўсё. Бліснуўшы яскравымі мажлівасьцямі, яна прымусіла зарухацца, забыць бягучыя справы і павясьці організацыйную працу. Пацяг да організацыі абурыў і беларускія грамадзкія колы. Добрачынны характар комітэцкай працы прытупіўся, даўшы выйсьце політычным запытаньням. Рубам стала па­трэба падлічыць сілы, выказаць свае дамаганьні, выкрыць твар. У роз­ных гарадох вынікла думка аб зьезьдзе. Падняліся абгаворы, дзе і як ды што. Пакуль судзілі ды вырашалі, Менск разаслаў тэлеграмы з запра­шэньнем на зьезд беларускіх грамадзкіх дзеячоў у Менску на 25 са­кавіка. Думаць ня прыходзілася, і ўсе організацыі і асобныя дзеячы ад­гукнуліся й зьехаліся ў назначаны дзень у Менск. Зьехалася да 150 ча­лавек вайсковых і цывільных. Зьезд адчынялі ў доме, дзе зараз зьмяш