Перайсці да зместу

Старонка:Зорнасьць (1927).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ У ГОРАХ

Ноч — чароўніца спусьцілася ціха,
На горныя высі раскінула шаты.
Вось чутны яе прымірэнчыя ўздыхі,
А месяц адзеўшыся ў срэбныя латы,
Прастор аксамітны чаруе, варожыць.
Ўсе горныя высі — як міт або казка.
Ўсё стройна сплялося ў малюнак прыгожы,
Ўсё песьціць і вабіць нязнанаю ласкай,
Нядарам у цішы вось гэтае ночы,
Што горы адзела адзеньнем срабрыстым,
Ня хочацца думаць самкнуць свае вочы,
Ня хочацца траціць уздым урачысты.
У сэрцы кроў моцна плюскоча, бруіцца,
Іду я між гораў знаёмай пуцінай,
Іду, ня журуся, хоць сам — чужаніца.
Мяне не палохае клёкат арліны,
Які незнаёмы, як буславы клёкат
У нашай ці ночнай, ці ранішняй цішы.
Хачу я забрацца на горы высока,
І лезу ўсё вышай, і вышай, і вышай.

1925 г.