Старонка:Зноў «Западная Россия».pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не вязе Беларусі на гістарычныя досьледы! Ужо з першых крокаў, што рабіла гістарычная навука ў стасунку да Беларусі, усе скардзіліся, што нашае мінулае дасьледавана і ня добра, і ня поўна. М. О. Каяловіч, выдаўшы свае „Лекции по истории Западной России” ў 1884 годзе, жаліўся, што „як дваццаць год таму назад, калі я ўпяршыню чытаў свае лекцыі, так і цяпер паўстае „вопиющая нужда“ ведаць Заходнюю Расію”. Жаліўся на гэта акрэсьлена і Раманаў і ўсе іншыя этнографы і дасьледчыкі, жаліўся на гэта М. К. Любаўскі ў 1915 годзе, пісаўшы ў другім выданьні сваіх „Очерков по истории литовско-русского государства“, што „Літва і Заходняя Русь усё яшчэ застаюцца terra incognita ня толькі для шырокай публікі, але і для вучонага сьвету, за выклю­чэньнем некалькіх спэцыялістых”. І вось, урэшце, жаліцца на тое самае ўжо ў 1924 годзе І. І. Лаппо, кажучы, што „веды расійскага грамадзян­ства аб Заходняй Расіі далёка не акрэсьленыя”.

Разам з гэтымі фарысейскімі жальбамі, у расійскай гістарычнай навуцы ў стасунку да Беларусі, з першага дня і да дзён апошніх цьвёрда праводзіцца прынцып „Западной России, как исконно русской земли”. Гэты факт, як ня трэба лепш, даводзіць нам, наколькі кожная гісторыяграфічная навука патрыотычна, і наколькі par excellence патрыотычны расійскія гісторыкі ў стасунку да Беларусі. Усе яны ідуць сьцежкамі Шлецэра, што хацеў выслужыцца прад Кацярынай ІІ і абяцаўся напі­саць расійскую гісторыю ня толькі згодна з гістарычным прогматызмам, але і згодна з інтарэсамі „яе вялічаства”.

Праўда, ні для Каяловіча, ні для Любаўскага, ні, урэшце, для Лаппо няма гэткай паваблівай мэты. Але, замест „яе вялічаства імпэ­ратрыцы” у іх ёсьць „яе вялічаства расійская дзяржава і яе інтарэсы”. Усе яны, як казаў Каяловіч, імкнуліся да таго, каб нашую краіну расій­скае грамадзянства „ведала паруску”. А Любаўскі,—дык той яшчэ лепш пасьведчыў у прадмове да сваіх „Очерков” „прысьпеў час ужо, каб Заход­нюю Расію аб'яднаць у навуковай сьвядомасьці з Расіяй таксама, як яна ўжо аб'яднана палітычна". (курсіў мой—А. Ц.) Вось яны—„вучоныя патрыоты”!

І. І. Лаппо,—вядомы дасьледчык літоўска-рускага гаспадарства,— у сваёй працы, што вышла надовячы ў Празе, пад загалоўкам „Запад-